На наступным тыдні Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі

Старшыня Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская"У афіцыйным чарнавым варыянце пленарнага паседжання рэзалюцыі хіба яшчэ няма. Але яна дакладна запланаваная".

Да гэтага часу 12 студзеня ў Еўрапарламенце адбудуцца слуханні па Беларусі. Іх ладзяць Камітэт Еўрапарламента па замежных справах у супрацоўніцтве з Падкамітэтам па правах чалавека, Дэлегацыяй па адносінах з Беларуссю і Дэлегацыяй Еўрапарламента ў Еўранэсце.

"Гэта хіба нават не слуханні, а інфармацыйная сустрэча, бо еўрапейскія народныя абраннікі толькі вярнуліся з вакацыяў", — адзначае Вольга Стужынская.

Акрамя еўрадэпутатаў на сустрэчы будуць прысутнічаць еўракамісар па еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле, прадстаўнік літоўскага старшынства ў АБСЕ, старшыня назіральніцкай місіі АБСЕ ў Беларусі Герт Арэнс. З беларускага боку Камітэт па замежных справах запрасіў Аляксандра Мілінкевіча і прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава.

Апрача іх чакаюцца дачка Уладзіміра Някляева Ева Някляева, старшыня партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, паплечнік Віталя Рымашэўскага Дзяніс Садоўскі, а таксама, магчыма, Валянцін Стэфановіч ці Алесь Бяляцкі ад праваабарончага цэнтра "Вясна" і былы спікер Форуму грамадзянскай супольнасці Сяргей Мацкевіч.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі