На пікеце “Гавары праўду” Ліпковіч прапанаваў пацалаваць усіх жадаючых
Пагадзілася толькі кандыдат у дэпутаты Таццяна Караткевіч. Някляеў, Дзмітрыеў і Мацкевіч ад пацалункаў блогера ўхіліліся.
Замест таго каб распавядаць, чаго імкнецца ў парламент і што за праграму мае, кандыдат у дэпутаты Таццяна Караткевіч дае мегафоны лідару кампаніі Уладзіміру Някляеву ды культуролагу-палітолагу Уладзіміру Мацкевічу і нечакана прапануе ім падыскутаваць паміж сабой.
Таццяна Караткевіч: “Гэта тое, чаго не хапае. Мы прэзентуем нейкія тэмы, правакуем, выклікаем на дыскусію ці, як учора, глядзім дэбаты разам з выбаршчыкамі — гэта проста сродак зацікавіць: а мы вось яшчэ так можам, можам на гэтую тэму паразмаўляць”.
Абмяркоўвалі Някляеў з Мацкевічам палітычныя рэформы і рэформы самакіравання. Іх выступы сапраўды хутчэй можна назваць лекцыяй, чым дыскусіяй. Абодва адстойвалі ідэю, што рэформы патрэбныя, што неабходная свабода выбару і што ад прэзідэнцкай дзяржавы трэба пераходзіць да парламенцкай.
Уладзімір Мацкевіч: “Мы не абіраем сваю ўладу і ў нас увогуле няма самакіравання. І людзі ніяк не звязваюць тое, што адбываецца падчас выбарчай кампаніі, са сваім уласным жыццём. І рэформы трэба пачынаць з таго — зрабіць так, каб у краіне была палітыка. Каб людзі, якія маюць прапановы, маглі данесці іх да кожнага чалавека, маглі паспрачацца паміж сабой”.
Ніхто з мінакоў падыскутаваць з даверанымі асобамі не рызыкнуў. Дый не шмат людзей наважыліся падысці да пікета. Можа часу не было, можа, як заўважыў Някляеў, спяшаліся на "Камароўку" па бульбу, а можа — пабаяліся “свяціцца”. Невядомы нікому з журналістаў “аператар” у цывільным быў моцна заняты працай, а яшчэ некалькі сур’ёзных мужчын у дарагіх касцюмах хоць і слухалі выступоўцаў уважліва, але блізка да пікета не падыходзілі.
Затое не абмінуў пікет вядомы блогер Яўген Ліпковіч, які нібыта “выпадкова” апынуўся акурат перад пачаткам мерапрыемства на пляцоўцы перад філармоніяй. Не адмовіўся ён і ад выступу.
Яўген Ліпковіч: “Я заўсёды лічыў, што выбары лепш, чым іх адсутнасць. Нават выбараў з прадказальным вынікам. Не падзяляю ідэю байкота. Вось мне, да прыкладу, гэты кандыдат падабаецца, таму я — “за”. Я не разумею, як можна пратэставаць супраць таго, каб за яе не галасавалі”.
І кінуўся цалаваць Таццяну. А ў адказ на жарт Дзмітрыева пацалаваць кандыдата на біс, для фатографаў, кінуўся цалаваць яго і Някляева, а таксама прапанаваў расцалаваць кожнага, хто пажадае.
Пікетавалі не доўга. Мо з паўгадзіны. Напрыканцы мерапрыемства да яго далучыліся Павел Вінаградаў, Аляксандр Арцыбашаў і Ягор Віняцкі. Хлопцы толькі што вызваліліся з Акрэсціна, дзе адседзелі чарговыя суткі “за мацюкі”.
Фота: Змітра Лукашука