На сесіі Савета ААН па правах чалавека зноў крытыкавалі Беларусь
А прадстаўнік Еўрасаюза выказаў спадзяванне, што прэзідэнцкія выбары адбудуцца без парушэння правоў чалавека і зноў заклікаў ўлады ўвесці мараторый на смяротнае
У Жэневе працягваецца 15-я сесія Савета ААН па правах чалавека. У першы ж
дзень, 13 верасня, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілай
(Navanethem Pillay) пакрытыкавала Беларусь за становішча з правамі
недзяржаўных арганізацый. 17-га верасня крытыка ў бок нашай краіны
працягнулася. Прадстаўнік Бельгіі Алекс ван Мэўвэн (Alex Van Meeuwen) ад імя Еўрасаюза адзначыў:
"Еўрасаюз
спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца без парушэнняў
правоў чалавека, у асаблівасці права на свабоду слова і грамадскіх
аб'яднанняў. Еўрасаюз таксама заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый
на смяротнае пакаранне".
Апрача Беларусі, краіны, на
сітуацыі з правамі чалавека ў якіх спыніўся Алекс ван Мэўвэн, сталі
Іран, Бахрэйн, Судан, Самалі, М'янма, Паўночная Карэя і Кітай.
Прадстаўнікі
краін з самымі высокімі стандартамі дэмакратыі і правоў чалавека ў
свеце – Нарвегія і Швецыя – таксама з жалем узгадалі становішча з
правамі чалавека ў Беларусі.
Прадстаўнік Нарвегіі Гэйг С'ёбэрг (Geir Sjøberg): "Мы
раздзяляем занепакоенасць Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека
адносна сітуацыі ў Беларусі. Удзельнікі грамадзянскай супольнасці, у тым
ліку праваабаронцы, рэлігійныя суполкі, СМІ, палітычныя партыі
па-ранейшаму маюць абмежаванні для сваёй легітымнай дзейнасці".
Гэйг
С'ёбэрг асобна адзначыў, што пашана правоў чалавека – асноўная ўмова
для паглыблення адносін Беларусі з еўрапейскай супольнасцю.
Прадстаўнік Швецыі Ян Кнутсан (Jan Knutsson): "Нядаўнія
інцыдэнты ў Беларусі выклікаюць жаль. Яны сведчаць аб цяжкай сітуацыі
для журналістаў, якія праводзяць расследаванні, і для праваабаронцаў".
Беларуская дэлегацыя скарысталася сваім правам адказаць на крытыку. Прадстаўнік Пастаяннай місіі Беларусі пры ААН Андрэй Таранда адзначыў:
"Мы
хацелі б заклікаць дэлегацыю Нарвегіі адмовіцца ад інтэрпрэтацыйных
заяў па выступленні Вярхоўнага Камісара, якія яна агучвае з мэтай
легітымізацыі сваіх заклапочанасцяў".
У якасці контраргумента
на крытыку аб прыцясненні рэлігійных свабодаў і права на стварэнне
аб'яднанняў Андрэй Таранда прывёў лічбы зарэгістраваных рэлігійных
суполак і грамадскіх арганізацый у цэлым.
Андрэй Таранда:
"Дынаміка, якая сведчыць пра ўстойлівы рост колькасці грамадскіх
аб'яднанняў у Беларусі – лепшае пацвярджэнне неаб'ектыўнасці крытычных
заўваг, што прагучалі ў наш адрас. У Беларусі дзейнічаюць больш за 2200
грамадскіх аб'яднанняў. Толькі ў 2009 зарэгістравалі 94 новыя".
Тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 30 кастрычніка 2003 было 2248 грамадзянскіх аб'яднанняў, на 1 студзеня 2010 – 2225.
На крытыку аб праве на свабоду слова, становішча журналістаў і праваабаронцаў беларуская дэлегацыя не адказала зусім.
Нагадаем,
па выніках 8-ай працоўнай сесіі Ўніверсальнага перыядычнага агляду, які
прайшоў у траўні, замежныя ўрады сфармулявалі для Беларусі 93
рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.
Па
найбольш прынцыповых з іх беларуская дэлегацыя выкажацца 23 верасня і
адзначыць, ці будзе іх выконваць. Сярод гэтых рэкамендацый – скасаванне
артыкула аб крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя
незарэгістраваных арганізацый, увядзенне мараторыя на смяротнае
пакаранне, ратыфікацыя шэрагу міжнародных дамоў.