На сядзібе БНФ прайшла вечарына памяці Міхася Чарняўскага
Падчас яе прэзентавалі перавыданне кнігі гісторыка пра моладзевае антыкамуністычнае падполле "Не бойцеся ахвяраў і пакут". Яна выйшла накладам 500 асобнікаў.
Каардынатар перавыдання, мэнэджар культурніцкіх праектаў Алесь Мазанік паведаміў у каментары Радыё "Свабода", што наклад выйшаў дзякуючы супольным намаганням неабыякавых людзей. Яны падтрымалі апошнюю волю Міхася Чарняўскага і ахвяравалі сродкі для перавыдання яго кнігі.
На вечарыне выступіла ўдава Міхася Чарняўскага Святлана. Яна распавяла, што да апошніх сваіх дзён гісторык меў безліч творчых планаў, да апошніх сваіх гадзінаў працаваў. Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў адзначыў, што Чарняўскі вельмі шмат зрабіў для яго і для цэлага пакалення гісторыкаў і пісьменнікаў. На завяршэнне вечарыны выступілі музыкі Аляксандр Памідораў, Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў.
Фота — svaboda.org