На выставе СМІ незалежную прэсу прадставілі толькі ў якасці флэш-моба
Праляскоўскі і Радзькоў акцыю стараліся ігнараваць, але з журналістамі ўсё ж паразмаўлялі.
4 траўня падчас адкрыцця XV выставы “СМІ ў Беларусі” журналісты “Народнай волі” і “Нашай нівы”, прадстаўнікі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” і звычайныя чытачы зладзілі флэш-моб.
Спачатку яны “чыталі” “Народную волю” і “Нашу ніву” перад уваходам у выставачны цэнтр, а потым і ў памяшканні – ля месца, з якога з вітальным словам выступалі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.
Але гэта не перашкодзіла Радзькову прачытаць пасланне выставе ад кіраўніка краіны. Прычым, пасланне прэзідэнта супярэчыла “пасланню” журналістаў.
Аляксандр Радзькоў: “Выстава “СМІ ў Беларусі” – дзейсны сродак кансалідацыі прафесійнай супольнасці, абуджэння духу творчасці і спаборніцтва. Яна спрыяе абмену досведам і арыгінальнымі ідэямі. Упэўнены, што гэта выстава будзе спрыяць рашэнню актуальных задач, якія стаяць перад айчыннымі СМІ”.
Нагадаю, за некалькі дзён да адкрыцця выставы “СМІ ў Беларусі” дзве незалежныя газеты “Народная воля” і “Наша ніва” даведаліся, што Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы гаспадарчы суд пазоў аб спыненні іх выдання.
Следам за Радзьковым выступіў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі.
Алег Праляскойскі: “Міністэрства інфармацыі, Адміністрацыя прэзідэнта, мы хочам падаваць як мага больш магчымасцяў, больш пляцовак для вашых прафесійных зносін. Мы хочам паказаць, што мы рады ўсім тым людзям, якія аб’яктыўна і сумленна пішуць пра нашу краіну, пра поспехі, пра праблемы, бо праблемы ва ўсіх існуюць”, – заявіў міністр, пазбягаючы глядзець у той бок, дзе стаялі людзі з нумарамі “Народнай волі” і “Нашай нівы”.
Цікава, што арганізатары выставы адмовілі недзяржаўнай Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя масМедыя” ва ўдзеле ў выставе. Нібыта з-за недахопу выставачнай плошчы. Хаця, падаецца, што вольнае месца для яшчэ аднаго стэнду можна было знайсці без праблем.
Пасля ўрачыстага адкрыцця Радзькоў і Праляскоўскі рушылі аглядаць выставу. У гэты час першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі ўзялі ў атачэнне журналісты “Народнай волі” і “Нашай нівы”. А намесніца рэдактара “НВ” Марына Коктыш наўпрост пацікавілася стаўленнем чыноўніка да сітуацыі з іх газетамі.
Аляксандр Радзькоў: “Міністр інфармацыі – гэта законны прадстаўнік СМІ. З ім трэба дамаўляцца. Прытрымлівайцеся заканадаўства, і ўсё будзе ў парадку!”
Марына Коктыш: “Мы працуем у рамках заканадаўства!”
Аляксандр Радзькоў: “Вось і старайцеся так працаваць. І будзеце працаваць”.
Не ўдалася ў яе размова, кажа Марына, і з міністрам інфармацыі.
Марына Коктыш: “Я запыталася ў яго, ці не сорамна яму будзе, калі закрыюць два незалежныя выданні – “Народную волю” і “Нашу ніву”? Ён сказаў, што яму не сорамна, бо гэта яго пазіцыя і ён робіць сваю справу”.
Па словах Марыны, сэнс акцыі найперш у тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да пагрозы закрыцця двух буйнейшых незалежных газет Беларусі. А намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец дадаў, што была і яшчэ адна мэта.
Андрэй Бастунец: “Гэта была дэманстрацыя таго, якое месца сёння займае незалежная прэса вось у гэтых “СМІ ў Беларусі”, што яна можа трапіць на выставу толькі такім вось чынам. І пры гэтым – знаходзіцца пад пагрозай закрыцця”.
Удзельнікі флэш-моба пасля “размовы” з Радзьковым і Праляскоўскім разышліся, а чыноўнікі рушылі ўздоўж стэндаў – размаўлялі з рэдактарамі, фатаграфаваліся на памяць, атрымлівалі ў падарунак газеты, кнігі ды рэкламныя праспекты.
Фота: Змітра Лукашука