На якія крэдыты могуць разлічваць беларусы са сваімі сярэднімі заробкамі?
Самую вялікую суму спажывецкага крэдыту дадуць фінансісту. Праўда, у банку здзіўляюцца: навошта фінансісту крэдыт?
Беларускаму фінансісту з заробкам паводле Белстату ў 8,4 мільёна могуць даць самую вялікую суму крэдыту — больш за 100 мільёнаў. Дзяўчына-кансультант “Белінвестбанка” з нечаканасці перапытвае:
“Які ў вас заробак?”.
Паўтараю пра свае больш за 8 мільёнаў і літаральна адчуваю нямое пытанне дзяўчыны: на халеры табе спажывецкі крэдыт?!
Але я настойваю, і дзяўчына працягвае кансультацыю:
“На гэтую суму мы можам даць вам крэдыт на 5 гадоў на 126 мільёнаў пад 40 % гадавых. Першы плацеж будзе роўны 6,9 мільёна, але потым гэтая сума будзе змяншацца”.
Самае цікавае ў гэтым крэдыце — сума пераплаты: звыш пазыкі 126 мільёнаў прыдзецца аддаваць яшчэ 150 мільёнаў працэнтаў!
На другім месцы па заробках навукоўцы, будаўнікі і прамыслоўцы. Яны атрымліваюць больш за пяць мільёнаў, але для “Трастбанка” гэтага недастаткова, каб узяць крэдыт.
“Дзеці, стаж працы, страхоўка, сума плацяжоў па камуналцы, іншыя крэдыты, паручальніцтва, маёмасць ці ёсць у вас”, — страляе пытаннямі дзяўчына з “Трастбанка”, хоць я прашу крэдыт для мужа на год пад 80% гадавых. Характарыстыка ў нас "белая і пушыстая", і заробак стабільны, але нечакана чую адмову:
“Зыходзячы з усіх дадзеных, што вы сказалі, мы не можам вам даць крэдыт. Магчыма, маленькі стаж працы. Рашэнне выдае камп'ютар!”.
А вось калі б у мяне была машына і стаж у пяць гадоў, крэдыт далі б адразу, але толькі на 12 мільёнаў і пад 80% гадавых! За пазыку трэба будзе аддаваць чвэрць заробку і пераплаціць пяць мільёнаў.
Для “Беларусбанка” настаўнікі, ляснікі і дактары роўныя з іх заробкамі ў 3-3,3 мільёна рублёў згодна з Белстатам. Настаўнік ці доктар можа разлічваць на спажывецкі крэдыт толькі на 11-13 мільёнаў пад 43%. У месяц за крэдыт давядзецца аддаваць прыкладна палову заробку, а сума пераплаты за год складзе 2,4-3 мільёны!
У банку “ВТБ-Беларусь” для транспартнікаў з заробкам у 4,8 мільёна даюць 30 мільёнаў на год пад 61%. Але за першую выплату — сума па крэдыце і за абавязковае страхаванне — з заробку застанецца толькі 46 долараў на жыццё.
“Першая сума выплаты складзе 2,192 тысячы рублёў і плюс 2,250 тысяч рублёў аднаразовая выплата за страхоўку”, — тлумачаць у банку. Але ці браць гэтую пазыку — пытанне: сума пераплаты за карыстанне крэдытам складзе больш за 24 мільёны рублёў!
"Ідэя-банк" работнікам культуры з іх заробкам у 3,4 мільёна дасць 20 мільёнаў на паўтара года пад 86% гадавых.
“Першы плацеж складзе два мільёны штомесяц, але ёсць магчымасць аплачваць крэдыт без штрафных санкцый”, — падбадзёрваюць мой энтузіязм у “Ідэя-банку”. На жыццё ў культуры застанецца паўтара мільёна, а за пазыку прыдзецца аддаць 36 мільёнаў!
Для пенсіянераў у "РРБ-банку" спецыяльная праграма — крэдыт “Лаяльны” пад 58% гадавых.
“Мы можам даць вам 11 мільёнаў, першы плацеж — мільён, а сума пераплаты складзе больш за 3 мільёны”, — кажа дзяўчына.
Пры гэтым на жыццё ў пенсіянера застанецца трохі больш за 800 тысяч рублёў.
Вось гэта называецца лаяльнасць па-беларускі.
Фота: v-nashem-mire.ru