Нацбанк: Праводзіць дэвальвацыю не будзем

Шматлікія інтэрнэт-сайты прадказвалі, што 9 сакавіка ў Беларусі курс долара ўзрасце да 3800 рублёў. Але чуткі не пацвердзіліся, і ранкам у абменніках амерыканская валюта прадавалася за 3 тысячы 15 рублёў.

"Нацбанк праводзіць дэвальвацыю не будзе", – запэўніў Еўрарадыё начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў. Такія чуткі ён назваў правакацыяй і хлуснёй.

Драздоў: "Натуральна, дэвальвацыі не будзе. Пра гэта мы казалі яшчэ ў мінулым годзе, калі зацвярджалі параметры хістання курсаў кошыку. Ёсць прафесійныя правакатары і хлусы, якія рэгулярна гэтым займаюцца. Усё гэта трызненне і шызафрэнія, што яны распаўсюджваюць, мы каментаваць не можам. Каментарам гэта не паддаецца".

Тым часам сёння раніцай праверыць курсы валют на сайце Нацбанка было немагчыма – ён не працаваў. Анатоль Драздоў кажа, што сайт мог не працаваць з-за вялікага наплыву людзей.

Драздоў: "Я мяркую, што магчымыя збоі ў працы сайта былі звязаныя як раз з распаўсюджаннем гэтых плётак. Вельмі шмат людзей заходзілі на сайт, спрабавалі паглядзець, ці праўда гэта "страшылка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі