Начальнік РАУС: Навумаў рабіў нас пай-хлопчыкамі, а мы карны орган!
На думку былога міністра МУС Юрыя Сівакова, міліцыі не хапае не ўлады, а прэстыжу.
Беларускай міліцыі не стае ўлады. Кіраўнік краіны не супраць праваахоўным органам яе дадаць, каб “міліцыянер прыйшоў і на падставе дакладна заканадаўча прапісаных норм мог запатрабаваць выканання абавязкаў той ці іншай асобай і больш там не з’яўляцца”.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення агітацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанціна Шалькевіча, у міністэрства ёсць прапановы: дзе і што змяніць, каму і чаго дадаць. Але дзяліцца з Еўрарадыё не пажадаў.
Канстанцін Шалькевіч: “Прапановы, па якіх зараз развіваецца інфармаванне сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў, — яны ў распрацоўцы. Калі будуць прынятыя, то мы, зразумела, пра гэта паведамім. Пакуль што рана казаць пра канкрэтныя крокі”.
Былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў лічыць, што тут казаць няма чаго, улады ў міліцыянераў і так хапае.
Юрый Сівакоў: "Не бачу нейкіх сфер дзейнасці, дзе не хапае законам вызначаных паўнамоцтваў для дзеянняў міліцыі".
Былы міністр раіць найперш падумаць пра павелічэнне прэстыжнасці службы:
"Пытанне сёння ў тым, наколькі забяспечаная прэстыжнасць і прывабнасць службы ў органах унутраных спраў з пункту гледжання прафесійнай абароненасці супрацоўнікаў. Вось, над гэтым трэба працаваць".
Згодны з калегам і генерал-лейтэнант міліцыі ў запасе Мечыслаў Грыб.
Мечыслаў Грыб: “Трэба, каб выканаўчая ўлада не ўмешвалася ў справы міліцыі, калі яны выконваюць законы. Але яны ўмешваюцца! Каб завесці распрацоўку супраць чыноўніка, які падазраецца ў крымінальным злачынстве, трэба спытацца дазволу ў кіраўнікоў выканаўчай улады. Без гэтага — нельга! А так, ніякай улады больш супрацоўнікам міліцыі, на мой погляд, не трэба”.
На думку генерал-лейтэнанта міліцыі ў запасе, міліцыі не хапае не ўлады, а заробкаў. За кошт скарачэння асобных структур, што вядуць барацьбу з іншадумствам.
Якой канкрэтна ўлады не хапае міліцыянерам, Еўрарадыё цікавіцца ў начальніка аднаго з раённых аддзелаў унутраных спраў. У адказ той пачынае скардзіцца на бюракратызм і перашкоды з боку... вышэйшага кіраўніцтва.
Начальнік РАУС: “Ды ўлады, у прынцыпе!.. Вы паглядзіце: у 1995 годзе, каб скласці пратакол, мне трэба было 15 хвілін. Нёс вышэйстаячаму кіраўніцтву, у суд. Зараз участковаму інспектару неабходна патраціць 1,5 гадзіны, у лепшым выпадку, калі ўсе на месцы, каб скласці справу адміністрацыйную і накіраваць у суд”.
Больш улады, лічыць Аляксандр Лукашэнка, міліцыі патрэбна для таго, каб “ні ўчастковы, ні міністр, ні іншыя, ніхто не бегаў па 10 разоў па адным і тым ж месцы і ўгаворваў кагосьці”. Але дадатковая ўлада тых жа ўчастковых ад такой беганіны не ўратуе, кажа начальнік РАУС.
Начальнік РАУС: “Здаецца, законам прадугледжана, што мы маем права ўжыць фізічную сілу, але столькі нам ўжо па руках за гэта надавалі — у райаддзеле за год з дзясятак праверак ужо праведзена! Бо кожны лічыць, што ў адносінах да яго няправільна ўжытая фізічная сіла, спецсродкі. Хаця яны гэтага заслугоўваюць! А калі ёсць скарга, то прызначаецца праверка, і ад гэтага нікуды не падзецца”.
Трэба, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, свядомасць людзей мяняць. А для гэтага забыцца на запабяганні Навумава перад грамадскай думкай.
Начальнік РАУС: “У часе міністра нашага Навумава — ён паспрабаваў зрабіць нас пай-хлопчыкамі. Былі апытанні грамадскага меркавання... Якое можа быць меркаванне пра орган, які карае?! Ну, якое? Я не ведаю”.
Фота: http://fota.bymedia.net/