Нацплатформа грамадзянскай супольнасці прыняла Канцэпцыю развіцця
Частка арганізацый нязгодная і лічыць, што Нацплатформа ператварылася ў якасна новае аб'яднанне са сваім статутам.
Напярэдадні 4-га Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства, які пройдзе ў канцы лістапада ў Швецыі, прадстаўнікі амаль 50-ці беларускіх няўрадавых арганізацый сустрэліся, каб абмеркаваць надзённыя пытанні. Нацыянальная платформа Форума абмеркавала працу за апошні год, мэты і задачы беларускай дэлегацыі ў Стакгольме, і прыняла Канцэпцыю развіцця.
Галасаванне па апошняй выклікала асаблівыя рознагалоссі паміж прадстаўнікамі арганізацый.
Сам старшыня Каардынацыйнага камітэта Нацплатформы Уладзімір Мацкевіч вынікамі галасавання задаволены:
"Гэта сведчыць, што большасць прадстаўнікоў пераходзіць ад дэкларацый да справаў. Цяпер маючы Канцэпцыю, у межах якой можам планаваць дзейнасць, праводзіць і адказваць за гэта перад усім складам грамадзянскай супольнасці ў Нацплатформе".
Да тых арганізацый, што прагаласавалі супраць, Мацкевіч ставіцца рэзка адмоўна. Маўляў, дэмакратамі з'яўляюцца толькі на словах, але на справе задаволеныя становішчам у Беларусі. Напрыклад, прадстаўнікі Беларускага хельсінскага камітэта, па словах Мацкевіча, хоць і кажуць слушныя рэчы, на справе "блакуюць аб'яднанне, загаворваюць рашэнні, абы нічога не рабіць".
Уладзімір Мацкевіч: "Супраць Канцэпцыі галасуюць тыя, хто не хоча працаваць, не даюць развівацца грамадзянскай супольнасці, бо яны замацаваліся на сваіх пасадах, іх цалкам задавальняе сённяшняе становішча, яны хочуць захавання status quo".
Але самі арганізацыі, што не падтрымалі Канцэпцыю развіцця (каля чвэрці ад прысутных прагаласавалі "супраць" ці ўстрымаліся), з такой трактоўкай не згодныя. Сваю пазіцыю яны тлумачаць перакананнем, што Нацплатформа мусіць заставацца тым, чым яна была ад пачатку: пляцоўкай для камунікацыі паміж арганізацыямі Форума грамадзянскай супольнасці, а не ператварацца ў фактычна новае аб'яднанне.
Дзяніс Мельянцоў, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS): "Фактычна, з Нацплатформы ўтвораная сутнасна новая больш кансалідаваная парасонавая арганізацыя, а прынятая Канцэпцыя развіцця ёсць яе статутам, паводле якога кіроўныя органы займелі больш паўнамоцтваў. Бо раней паўнамоцтвы не былі нідзе прапісаныя, і Нацплатформа рэгулявалася толькі мемарандумам з каштоўнаснымі пазіцыямі".
Перадаючы частку сваіх паўнамоцтваў Нацплатформе, арганізацыі пры гэтым не ведаюць, чым Каардынацыйны камітэт будзе займацца і якія праграмы рэалізоўваць, бо такога плана дзеянняў фактычна няма, тлумачыць перасцярогі Дзяніс Мельянцоў.
Такім чынам, ухваленая Канцэпцыя развіцця, з аднаго боку, сведчыць пра пэўнае якаснае развіццё Нацплатформы. З іншага боку, удзельнікам Нацплатформы відавочна бракуе даверу адно да аднаго. Хаця самі працэдуры дыскусіі і галасавання выглядаюць прыстойна, не абышлося і без зняважлівых ацэнак альтэрнатыўных меркаванняў.
Нагадаем, 4-ы Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства пройдзе ў Стакгольме 29-30 лістапада, ад Беларусі будуць удзельнічаць 23 няўрадавыя арганізацыі, сярод іх Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр "Вясна", экалагічная арганізацыя "Экадом".