На колькі крокаў перанясуць будоўлю ад Курапатаў?

121126_marcin_kurapaty.mp3

26 лістапада, 13:30, на будоўлі каля “Курапатаў” пуста: ні рабочых, ні тэхнікі. Будоўля абнесеная высокай агароджай, за якім бачная складзеная цэгла, трубы, будаўнічыя матэрыялы.

Будоўля ля Курапатаў

На суседняй запраўцы рабочых сёння бачылі: тыя набывалі ежу. Аднак будоўля замарудзілася.

“Пачыналі яны шпарка, а цяпер нешта прыпыніліся. Можа, фінансаванне закончылася”, — мяркуе супрацоўніца запраўкі.

Праблема не ў фінансаванні. Міністэрства культуры знайшло парушэнні: забудоўшчыкі залезлі за ахоўваемую мяжу мемарыяла Курапаты.

“Мы выдалі прадпісанне, дзе рэкамендавалі замоўцы выканаць рэгламент, узгоднены у праекце для зоны аховы. Ёсць ахоўваемая зона, дзе ўсялякае будаўніцтва забароненае — 120 метраў ад ляснога масіву. Дарэчы, забудоўшчыкі запэўнілі, што гэта не будзе называцца “Бульбаш-хол”, — кажуць у Міністэрстве культуры.

Спрабуем замерыць. Ад апошняга крыжа ў Курапатах да будоўлі — 110 крокаў. А гэта менш за 90 метраў!

Ад крыжа да будоўлі 110 крокаў

Мінкульт адказаў і на заяву ўдзельнікаў круглага стала “Абаронім Курапаты” пра недапушчальнасць будаўніцтва “Бульбаш-хола” ля крыжоў ва ўрочышчы Курапаты. Дакумент атрымала арганізатарка звароту Ганна Шапуцька.

“Падчас выезду на месца выяўлена, што работы праводзяцца часткова ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым іх выкананне ажыццяўляецца без дазволу Міністэрства культуры[…]. Міністэрствам культуры выдадзенае прадпісанне заказчыку работ СТОО “Белрэстінвест” і Мінаблвыканкаму аб спыненні работ ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці[…]. Аднаўленне работ будзе магчымае пасля забеспячэння адпаведнасці праектнай дакументацыі і яе рэалізуючым прававым нормам”, — цытуе Ганна дакумент за подпісам намесніка міністра культуры Віктара Кураша

Нагадаем, каля мемарыялу Курапаты, дзе ў 1930-я гады былі расстраляныя дзясяткі тысяч людзей, хочуць пабудаваць комплекс прыдарожнага сервісу з лазняй і рэстаранам на 400 месцаў. Стваральнікі комплексу наадрэз адмаўляюцца гаварыць з журналістамі.

Будоўля каля Курапатаў

Фота - Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі