Намеснік кіраўніка МЗС Чэхіі: Еўропа зацікаўленая ў дыялогу з Беларуссю

Еўрарадыё: Пры якіх умовах магчымае ўзнаўленне дыялога паміж Беларуссю і Еўрасаюзам?

Йіржы Шнайдэр: Беларусь — адзін з найважнейшых суседзяў ЕС і, вядома, мы зацікаўленыя ў дыялогу. І галоўная ўмова для яго — абыходжанне з палітычнымі вязнямі, хаця ўлады іх палітычнымі і не прызнае. Іх вызваленне і спыненне запужвання вельмі дапамагло б развіццю дыялога.

Еўрарадыё: Адным з такіх вязняў, верагодна, мог стаць і экс-кандыдат Алесь Міхалевіч, які папрасіў прытулку ў Чэхіі. Як вы паставіліся да заяваў пра катаванні ў ізалятары КДБ?

Йіржы Шнайдэр: Шкада, што пасля больш як 20 гадоў ад зменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе існуе рэжым, які выкарыстоўвае найгоршыя чалавечыя заганы. Бо калі стварыць адпаведныя ўмовы, то людзі здольныя рабіць самыя агідныя рэчы кшталту катаванняў. На жаль, беларускі рэжым спрыяе гэтаму ў адносінах да пэўных людзей з мэтай пасеяць страх у грамадстве. І хіба найлепшае, што можна зрабіць у такой сітуацыі, —публічнасць. А гэта непрыемная рэч для тых, хто нясе за гэта адказнасць.

Еўрарадыё: Якая пазіцыя Чэхіі да эканамічных санкцый супраць асобных беларускіх прадпрыемстваў?

Йіржы Шнайдэр: Мы ўважліва слухаем тых, хто разумее, як эканамічныя санкцыі будуць працаваць. Яны ж прымаюцца не проста так, а з тым, каб пераканаць кіраўніка краіны змяніць свае паводзіны. Цяпер у Беларусі кепскае эканамічнае становішча. І апошняя рэч, якую б мы хацелі, — каб беларускія ўлады падалі эканамічныя санкцыі як прычыну гэтага эканамічнага крызісу.

Еўрарадыё: Некаторыя палітыкі і эксперты лічаць, што бескампрамісная пазіцыя Еўрасаюза падштурхоўвае Беларусь у рукі Расіі. Ці згодныя вы з такім поглядам?

Йіржы Шнайдэр: З такім пунктам гледжання я б не пагадзіўся. Так, мы мусім быць бескампраміснымі ў справе вызвалення палітычных вязняў. З іншага боку, кантакты паміж людзьмі мусяць развівацца, і мы падтрымліваем палягчэнне візавага рэжыму для беларусаў. Каля траціны кароткатэрміновых візаў чэшскае консульства выдае бясплатна, асабліва для моладзі і некаторых іншых катэгорый людзей. Пакуль беларусы зацікаўленыя прыязджаць у Еўропу і робяць гэта, я не баюся, што Беларусь патрапіць у нечыя рукі.

Еўрарадыё: Паведамляецца, што на мінулым тыдні адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з іспанскім каралём. Пра што яны маглі весці гутарку?

Йіржы Шнайдэр: Я б не гадаў, аб чым яны вялі размову. Але лічу, што чым больш кантактаў паміж беларускай ўладай і палітычнымі лідарамі ЕС — тым лепей. Бо тады Беларусь застаецца на парадку дня Еўрасаюза.

Еўрарадыё: “Усходняе партнёрства” стартавала два гады тамы ў часе старшынства Чэхіі ў Савеце міністраў Еўрасаюза. Наколькі паспяхова развівалася ініцыятыва за гэты час?

Йіржы Шнайдэр: “Усходняе партнёрства” падае магчымасці, працягвае руку краінам-партнёрам. І шмат што залежыць ад іх саміх. Ініцыятыва можа шмат зрабіць для свабоды гандлю, спрашчэння візавага рэжыму, развіцця малога бізнэса. ЕС — прастора правіл і працэдур, і часам займае шмат часу для працы пэўнай праграмы. Але я ўпэўнены, што падчас польскага старшынства, якое пачнецца з 1 ліпеня, з боку ЕС “Усходняе партнёрства” займее хуткае развіццё.

Еўрарадыё: Вашае пажаданне Беларусі і беларускаму народу.

Йіржы Шнайдэр: Шкада, што Беларусь не прыняла дзейныя захады, каб апярэдзіць эканамічны крызіс, не скарысталася досведам краін рэгіёна, якія прайшлі эканамічную трансфармацыю. Жадаю, каб беларускі ўрад прыйшоў да высноваў аб неабходнасці правядзення тых эканамічных рэформ, якія б інтэгравалі Беларусь не толькі ў Еўропу, але ў свет XXI стагоддзя.

І каб беларускі народ мог не проста выяўляць сваю незадаволенасць эканамічным становішчам, але і выказацца сваім уладам: чаму яны не робяць тое [рынкавыя эканамічныя рэформы], што змаглі зрабіць навакольныя краіны. Тое, што палепшыла б жыццё людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі