Нацбанк: “Навошта прэзідэнту падпісваць такія рэчы?”

У беларускіх медыях з’явілася інфармацыя пра тое, што Нацбанк не меў права ўсталяваць на 24 траўня курсы валютаў да беларускага рубля, якія больш чым на 50% адрозніваліся ад папярэдніх. Згодна з указам №597 ад 19 лістапада 2010 года, якім асноўныя сёлетнія напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, ваганні курса рубля не могуць перавышаць +/-8% да кошта кошыка валют.

Але ў ведамстве Пятра Пракаповіча мяркуюць, што ўсталёўваць курсы валют да беларускага рубля — гэта функцыя менавіта Нацыянальнага банка. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня службы інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў:

Анатоль Драздоў: “Прэзідэнт не павінен падпісваць указ аб змяненні курса нацыянальнай валюты. Гэта не царская справа, гэта вырашае канкрэтнае ведамства — Нацыянальны банк. Навошта прэзідэнту падпісваць такія рэчы? Нацбанк прымае рашэнні ў межах сваёй кампетэнцыі. А ўсталяванне курса валют — гэта якраз кампетэнцыя Нацбанка”.

Анатоль Драздоў падкрэсліў, што 2 студзеня 2009 года дэвальвацыя беларускага рубля на 20% была зацверджаная менавіта пастановай Праўлення Нацыянальнага банка.

“Слова “дэвальвацыя” у нашым [сёлетнім. — Заўв. Еўрарадыё] рашэнні няма!” — падкрэсліў Анатоль Драздоў.

Сапраўды, слова “дэвальвацыя” у сёлетніх дакумента не было. Не гучала яно і 2 студзеня 2009 года: тады “аблягчэнне” рубля на 20% было пададзенае как “разавая карэктыроўка курса” ва ўмовах “значнай дэвальвацыі курсаў нацыянальных валют да долара ЗША ў краінах — асноўных партнёрах Рэспублікі Беларусь”.

Але сутнасць працэсу ад гэтага не змяняецца: у адносінах да долара, еўра і расійскага рубля беларускі рубель патаннеў больш чым на 50%. Атрымліваецца, што адказнасць за гэты захад Нацбанк усклаў на сябе.

Фота: www.ej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі