Навагоднія карпаратывы апазіцыі: БНФ святкуе пад баян Кастусёва

121218_lukashuk_korporativy.mp3


У Аб’яднанай грамадзянскай партыі традыцыі навагодняга партыйнага карпаратыву даўнія. І парушаныя яны былі толькі аднойчы — у 2010 годзе.

Сёлета традыцыю адновяць наноў, дзеліцца планамі лідар партыі Анатоль Лябедзька: “Ёсць у нас такая традыцыя: віншуе наш Дзед Мароз дыпламатычны корпус, завітвае ў некаторыя рэдакцыі”.

Раней навагодні карпаратыў сябры АГП адзначалі ў кафэ, зараз бюджэтнае свята — за сталом на офісе: “Пугачову ці Вольскага запрашаць не плануем”. Адзінае, можа сёлета нехта з маладых партыйцаў паспрабуе падседзець Лябедзьку і перацягнуць на сябе бараду Дзеда Мароза. Але, смяецца лідар партыі, правядуць унутрыпартыйны праймерыз.


У  Партыі БНФ традыцыі навагодняга карпаратыву ёсць, а традыцыйных Дзеда Мароза і Снягурачкі няма! Святкаванні ладзяць “паміж Божым нараджэннем па каталіцкім календары і Новым годам”, дзеліцца старшыня Партыі Аляксей Янукевіч.


Аляксей Янукевіч: “Абыходзімся сваімі талентамі — у нас ёсць людзі з галасамі і тыя, хто песні добра ведаюць. І на баяне людзі ў нас могуць іграць — і Рыгор Кастусёў, і я сам восем гадоў адвучыўся ў музычнай школе па класе баяна!”



Няма свайго штатнага Дзеда Мароза і ў руху “За свабоду”, прызнаецца намеснік лідара Юрась Губарэвіч.


Юрась Губарэвіч: “Але была такая практыка і традыцыя — дарыць адзін адному невялічкія падарункі. Час ад часу ў гэтай ролі выступае кіраўнік арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч”.


Вось толькі прымусіць Мілінкевіча схавацца за белай барадой і намаляваць нос чырвоным не атрымліваецца.


Левыя са “Справядлівага свету” Раство за свята не лічаць, але напярэдадні 31 снежня збіраюцца на свой “левы” карпаратыў. Святкуюць пад “жывую” музыку, расказвае намеснік кіраўніка партыі Валерый Ухналёў.


Валерый Ухналёў: “Звычайна ставяць “Іоніку”, там акардэон, баян і пад жывую музыку — нармальна!”


Сам намеснік кіраўніка Дзедам Марозам некалькі разоў апранаўся. А Сяргей Калякін не супраць далучыцца да музычнага трыа са сваёй гітарай. Кажуць, нядрэнна іграе і нават спявае. Яшчэ адна традыцыя: кожны госць прыходзіць на карпаратыў з падарункам — цацкай для партыйнай ялінкі. Пажадана, зробленай сваімі рукамі.


Самая кароткая карпаратыўная гісторыя ў кампаніі “Гавары праўду!”. Ад навагодняга міжсабойчыка “някляеўцы” не адмовіліся, нават развітваючыся з годам 2010, распавядае намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў. Калі лідар быў у СІЗА КДБ.


Андрэй Дзмітрыеў: “Запрашаем розныя беларускія цікавыя гурты, маладыя звычайна, і святкуем — уся каманда, з усёй рэспублікі. Снягуркі звычайна няма, а Дзедам Марозам сёлета будзе ці я, ці Някляеў”.



Аляксандра Фядуту, кажа па сакрэце, папросяць ізноў апрануцца трусам. Як той некалі гэта зрабіў падчас адной з імпрэз ПЭН-цэнтра.

Збіраюцца на свой карпаратыў "някляеўцы" апошнімі — на Стары Новы год. Дзмітрыеў жартам называе гэта гулянне “апошнім ударам па печані”.

Фота: Змітра Лукашука, http://nn.by/, http://www.svaboda.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі