Навошта Следчаму камітэту гумавыя дубінкі, хімічныя кулі і бярозавыя венікі

130117_lukashuk_sk.mp3

План закупак розных патрэбных рэчаў размясціў у інтэрнэце Следчы камітэт. Каб потым мець магчымасць выбраць самых выгадных пастаўшчыкоў — Год беражлівасці на двары! Праўда, ёсць пазіцыі, неабходнасць якіх для выканання сваіх абавязкаў следчымі выклікае сумнеў.


Да прыкладу, не зразумела, навошта следчым, якія вуліцы не патрулююць і ў ахове грамадскага парадку падчас масавых акцый не задзейнічаныя, патрэбныя гумавыя дубінкі, супрацьударныя шчыты, супрацькулевыя шлемы, гумавыя, святлогукавыя ды хімічныя патроны.


“Размова ідзе пра ўкамплектаванне аператыўна-дзяжурных служб, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Павел Траулька. — Гэта робіцца, каб у выпадку ўскладнення становішча наша аператыўна-дзяжурная служба магла абараніць будынак і людзей, якія ў ім знаходзяцца”.


Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, за год працы следчых забяспечылі ўсім самым неабходным “для выканання службовых задач”, а цяпер надыйшоў час і пра ўмовы працы падумаць.


Павел Траулька: “Праца накіраваная на аптымізацыю размяшчэння следчых падраздзяленняў, на стварэнне нармальных, еўрапейскіх, можна сказаць, умоў працы следчага і следчых падраздзяленняў. Адсюль і такая вялікая колькасць аркушаў закупкі”.


Цікаўны можа пабачыць, што набывае Следчы камітэт 750 вокладак для службовых пасведчанняў. Але таямніца колькасці супрацоўнікаў СК такім чынам не выдаецца, тлумачыць Траулька. Усяго супрацоўнікаў каля 5 тысяч, і гэта — не таямніца. Вокладкі набываюцца на будучыню — для новых супрацоўнікаў. Напрыклад, сёлета у СК на працу працаўладкуюць 101 выпускніка следча-экспертнага факультэта.


А 240 праязных для грамадскага транспарта неабходныя для паездак супрацоўнікаў па горадзе падчас выканання службовых абавязкаў.
Вось навошта следчым патрэбныя газавая лямпа і 50 бярозавых венікаў? Павел Траулька сцвярджае: размова ідзе не пра лазню — венікі дворнікам. Але ж, разам з бярозавымі СК хоча набыць “мятлу дворніка” — 10 штук і “венікі сарго” — 71 штуку. Газавая ж лямпа, тлумачыць, патрэбная, калі і электрычнасць знікне, і дызельны генератар “ляснецца”.


Тым не менш упэўнівае: купляць абы-што не будуць.


Павел Траулька: “Увесь гэты план гадавых закупак прайшоў адпаведныя ўзгадненні ў неабходных інстанцыях — Міністэрстве фінансаў, Міністэрстве эканомікі. Такім чынам, бюджэтныя сродкі на іх планаваліся. Прычым, паверце, гэты план карэктуецца падчас рэалізацыі цягам года“.



Цікава, што, апроч Следчага камітэта, асобных райвыканкамаў ды аддзелаў адукацыі, ніякія іншыя дзяржорганы ў свабодны доступ план гадавых закупак не выклалі. Але пачакаем.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі