Не студэнтам, не сям’і з дзецьмі, без кошак-сабачак, з даведкай аб заробку.

120802 Savi4_Haty.mp3

Шукаю аб'явы на сайце "без пасрэднікаў". Першая кватэра на Паўднёвым Захадзе — казка. Цагляны дом, рамонт, шафы-купэ, стаянка, чысты пад'езд. Але здаюць толькі сям'і без маленькіх дзяцей або адзінокім дзяўчыне ці хлопцу. Цана аднапакаёўкі — 390 долараў, з намёкам, што яшчэ не чатырыста. Пытаюся, што гаспадыня мае супраць маленькіх дзяцей.

"Я здаю кватэру вам толькі на два гады, а потым прыедзе мая дачка. Мне будзе няёмка высяляць людзей з дзіцем", — кажа гаспадыня. То бок, на два гады, каб дагадзіць гаспадыні, трэба забыцца пра сваіх дзяцей. І дзіўна гучыць "з дзіцем не магу выселіць" — а адзінокіх выкідваць на вуліцу звычайная рэч?

Наступная кватэра — на Партызанскім праспекце. Гаспадыня распавядае, што дом стары — 50 гадоў, без шклопакетаў, мэбля старая саўковая, капітальнага рамонту няма, шафы не купэ. За ўсё гэтае "шчасце" жанчына просіць 250 долараў. Але, каб зняць кватэру, трэба адпавядаць вельмі шырокаму колу ўмоў.

"У мяне да вас пытанне: вы ў шлюбе? Без коцікаў-сабачак, маленькіх дзяцей? Не студэнты?" — “страляе” гаспадыня.

Пытаюся, што не так з коцікамі і дзецьмі. 

"Пры ўсёй маёй любові да жывёлаў, у нас была вельмі непрыемная гісторыя пасля котачкі — трэба было знімаць падлогу", — тлумачыць кабета.

Калі гаспадары здымнага жылля не хочуць браць людзей з жывёламі, гэта можна зразумець — не вельмі прыемна потым клеіць шпалеры і перакладаць падлогу. Але калі трымцяць за кватэру, дзе будуць жыць людзі з маленькімі дзецьмі і не за вельмі чалавечую плату, гэта здзіўляе.

Але гэта не канец гісторыі. Цягам размовы даведваюся, што гаспадыня не хоча бачыць у якасці кватарантаў “расіян, украінцаў”, бо будуць праблемы з участковым, і “студэнтаў”.

"Я сама была студэнткай, сама жыла ў інтэрнаце і здымала кватэру: ведаю, як гэта бывае, — здзіўляе шчырасцю гаспадыня, а потым выдае яшчэ адно “клішэ”. — У мяне жылі студэнты. Спачатку бацькі былі, прапаноўвалі і бульбу, і грошы, а потым, бацькі кудысьці зніклі і студэнты сталі "сіротамі", адмаўляліся заплаціць, бо, маўляў, халадзільнік пусты, чаго вы патрабуеце ад нас платы. Студэнты — неплацежаздольны народ!”

Наступны варыянт. Хлопец хоча за кватэру з трыма каляровымі тэлевізарамі (!) на Аўтазавадской лініі метро перадаплату за год пры кошце арэнды 350 долараў за месяц ці абмен на машыну. Пры гэтым гаспадар не хоча кватарантаў-мужчын. А як жа мужчынская салідарнасць?

“Пры пражыванні магчымая зніжка!  Альбо можна мінівэн — я з’яжджаю на год”, — прываблівае ён.

А вось чаму гаспадар супраць моцнай паловы чалавецтва, ён вельмі дакладна адказвае:

"Мужчыны будуць смеціць, ад іх гразь, і будуць збіраць кампаніі! Жанчыны ўсё трымаюць ў парадку, а калі гуляюць — дык не прыводзяць у дом!” — тут ўжо сыграла мая жаноцкая салідарнасць.

Яшчэ адна кватэра. Патрабаванні гаспадыні стандартныя: без дзяцей, без сабачак. Я ўжо спецыяльна пытаюся, што яна мае супраць студэнтаў, сабак. Жанчына не ўпэўненая: а вы не ведаеце, што робяць студэнты? Яшчэ колькі пытанняў — і жанчына абураецца: “Вы мне ўжо не падабаецеся! Прабачце”, — і кідае трубку.

Ну і пад канец — асабістая гісторыя. Не далей як ўчора гаспадыня, якая шукала маладую пару без дзяцей, запатрабавала ў мяне… даведку аб заробках. Я чула, што гаспадары просяць паказаць пашпарт — але каб даведку аб заробках? Я спытала, ці не патрэбна ёй мае фота ў купальніку, і сышла з кватэры. Бо гэта неяк зусім перабор.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі