Не выпусціць могуць толькі калі гэта прапісана ў законе або па рашэнні суда
Міністэрства замежных спраў лічыць, што стварыць спіс невыязных можна, а ў Дэпартаменце па міграцыі кажуць, што гэта незаконна.
Не выпусціць з краіны могуць, толькі калі гэта прапісана ў законе або паводле рашэння суда, тлумачыць Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
“Усе падставы выкладзеныя ў законе для абмежавання права на выезд. Калі не будзе рашэння суда, не будзе крымінальнага права, то якое можа быць абмежаванне на выезд?”.
Партал TUT.BY са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва краіны, паведаміў, што ўлады могуць абмежаваць выезд з краіны тым, хто заклікаў да санкцый супраць рэжыму. У спісе нібыта значыцца 108 прозвішчаў. Беларускі МЗС пацвярджае Еўрарадыё, што тэарэтычна стварэнне спісу невыязных беларусаў магчымае.
Андрэй Савіных: "Я думаю, што ўсе чуткі, якія вы маеце па колькасцях і па персаналіях, — гэта не больш, чым чуткі".
Еўрарадыё: А тэарэтычна стварэнне такога спісу магчыма?
Андрэй Савіных: "Натуральна, у якасці меры ў адказ".
Калі такі спіс будзе створаны, прозвішчы публікавацца не будуць, дадае прэс-сакратар МЗС. А ўсю інфармацыю, якая ўжо з’явілася, называе правакацыяй.
Андрэй Савіных: "Гэта ўсё домыслы, і хутчэй за ўсё выглядае як правакацыя. Або ў нас з’явіліся нейкія дабравольныя памочнікі — але мы ў іх дапамозе не маем патрэбы".
“Нашыя відаць блытаюць боб з гарохам, — пракаментаваў Еўрарадыё праваабаронца Гары Паганяйла. — Ёсць законы, дзе прапісаныя падставы, па якіх чалавек не можа выехаць за мяжу. Напрыклад, я маю запазычанасць па выплатах або з’яўляюся ўладальнікам абсалютна сакрэтнай інфармацыі, на працягу 5 гадоў мяне могуць не выпускаць…".
Існаванне такога спісу, па словах праваабаронцы, — парушэнне закону.
Гары Паганяйла: “Калі прымуць такое рашэнне на заканадаўчым узроўні, то гэта будзе нарматыўна прававы акт, які супярэчыць нормам Канстытуцыі. І калі гэта будзе рабіцца ў адміністратыўным парадку — проста не пускаць — ўсё адно будзе парушэннем заканадаўства”.
Змагацца з гэтым можна толькі выязджаючы праз Расію. І калі расійскія службы не выпусцяць, то ў такім выпадку адстойваючы свае правы можна дабрацца ажно да Стразбургскага суда, падсумаваў спадар Паганяйла.