"Ноч лятаючых ліхтароў" адбылася ў Брэсце
Сотня знічоў залунала ў небе над горадам другі раз за год.
Як і ў мінулы раз, мерапрыемства было арганізаванае праз сацыяльныя сеткі. Месцам акцыі зноў абралі Вяслярны канал, але ўжо з дазволу мясцовых уладаў. Паўдзельнічаць і проста паназіраць за відовішчам прыйшло некалькі соцень чалавек.
Гэтага разу запушчальнікам прыйшлося сутыкнуцца з зусім неспрыяльным для палётаў надвор'ем. З-за досыць моцнага ветру некалькі ліхтароў пападалі ў воду. Таксама не ўдалося дамагчыся і сінхроннага запуску — нагрэць папяровую канструкцыю выявілася не так проста, як гэта было летам. Тым не менш арганізатары лічаць мерапрыемства ўдалым.
Незнаёмыя людзі дапамагалі адзін аднаму пераадольваць узгаданыя перашкоды, чым і стварылі святочную атмасферу.