Новы вакаліст "У нескладовага" – Косця Бурдаеў з "Братьев Грим"

22 чэрвеня ў сталічным "Мулен Руж" гурт "У нескладовае" прэзентуе новы сінгл "Станцыя", які не толькі анансуе новы альбом каманды, але і абвяшчае пра яе новы творчы этап. Заўтра, 16 чэрвеня ў інтэрнэце з’явіцца перавыдадзены дэбютнік гурта.

Новы этап "У нескладовага" азнамянуецца прыходам у гурт новых вакалістаў, пераважна замежных. Першым з іх стаў Канстанцін Бурдаеў – фронтмэн расійскай каманды "Братья Грим", які возьме ўдзел у запісе новага сінгла "Станцыя", і які, па словах Рамана Арлова, сам папрасіўся ў каманду.

Раман Арлоў: "Я пазнаёміўся з адным з "Братоў Грым", Косцем, дзесьці паўгода таму. І ён неяк сам завёў гутарку пра тое, што было б цікава што-небудзь зрабіць па-беларуску. Мне падалося, што гэта добры знак, калі чалавек сам цікавіцца культурай суседняй краіны".

Зацікаўленасць Косці Бурдаева вельмі сімпатычная музыкантам "У нескладовага". Улічваючы той факт, як тлумачыць Раман, што музыканта з нашай краінай не звязваюць ніякія сваяцкія шляхі.

Раман Арлоў: "Мне вось часта кажуць: той пагадзіўся выступіць з беларусамі, гэты… А пасля высвятляецца, што гэта таму, што ў бубнача гурта N, да прыкладу, мама з Магілёва. Косця родам з Самары, ён абсалютна адарваны ад гэтага. Яму проста цікава. Гэта эксперымент у чыстым выглядзе".

Што тычыцца новай песні "Станцыя" – гэта сапраўдная рок-музыка, запэўнівае Рома Арлоў, і своеасаблівы анонс другога дыска калектыву.

"Гэта хуткая песня, не "мядляк", – смяецца Рома. – І гэта сапраўдная, на мой погляд, рок-музыка. "Станцыю" можна будзе пачуць на канцэртах і таксама спампаваць ў інтэрнэце пачынаючы з 22-га чэрвеня".

Але яшчэ да выхаду на новы этап "У нескладовае" вырашыла як след развітацца з папярэднім. 16 чэрвеня на адным з буйнейшых інтэрнэт-парталаў краіны будзе выкладзена перавыданне дэбютнага альбома "У нескладовае". У ім будзе новы трэкліст і адмысловы бонус-трэк.

Раман Арлоў: "Саша Памідораў у такой вясёлай, на наш погляд, і вельмі аптымістычнай манеры перапісаў песню "У нескладовае-2", якую на альбоме спяваў Віталік Артыст. Мне здаецца, што ў новай версіі ў нас атрымаўся больш цэльны альбом. Я спадзяюся, што нехта, хто яшчэ не сутыкнуўся з нашым праектам, спампуе і паслухае".

Нагадаем, прэзентацыя сінгла "Станцыя" адбудзецца 22 чэрвеня ў клубе "Мулен Руж Show". Спецыяльны госць – гурт "Братья Грим" (Расія). У межах выступу адбудзецца яшчэ шэраг прэм’ер з будучага альбома з удзелам Аляксандра Памідорава (Pomidor/off), Аляксея Хлястова, Віктара Рудэнка (Dali), Вадзіма Касалапава (Neo) і іншых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі