N.R.M. знялі кліп у духу перфомансаў Паўла Альтхамера(фота)
І абвесцілі конкурс фотаздымкаў, якія ўвойдуць у два відэа гурта.
Трыа N.R.M. скончыла здымкі відэа на песню “Прамень”, якая ўвойдзе ў будучы альбом гурта. Аўтарам ідэі кліпа, у якім музыкі з’яўляюцца ў залатых камбінезонах, выступіў знакаміты польскі мастак і скульптар Павел Альтхамер, рэжысёрам – польскі кліпмэйкер Яцэк Ташакоўскі.
“Сэнс кліпа – людзі ідуць сустракаць усход сонца, - распавядае змест відэа Піт Паўлаў. – Разам з N.R.M. і проста разам адзін з адным”.
З гэтай нагоды N.R.M. абвясцілі конкурс фотаздымкаў, частка з якіх увойдзе ў адзін кліп, а другая частка - у дадатковае відэа, якое будзе сабранае толькі з дасланых гурту фота. Такім чынам, кажа Піт Паўлаў, тым, хто хоча трапіць у асноўнае відэа з залатымі касцюмамі, варта паспяшацца – іх адбор заканчваецца на днях. Але сам конкурс працягнецца да траўня. 10 пераможцаў конкурсу атрымаюць у падарунак ад N.R.M. новы альбом гурта, выхад якога рыхтуецца, а галоўны пераможца атрымае магчымасць наведаць канцэрт каманды ў Берліне. Дасылаць фота можна на e-mail [email protected], а таксама дадаць на сцяну конкурсу на Facebook.
"Залатыя" Піт Паўлаў і Алезіс Дземідовіч
А гэта фота праекта Альтхамера "Агульная задача", за якую скульптар атрымаў Aachen Art Prize-2010.
Фота: з Facebook Піта Паўлава, www.dailymail.co.uk, http://uk.phaidon.com/agenda/