Беларускія музыкі далучацца да сусветнай акцыі "Гадзіна Зямлі"
28 сакавіка яны сыграюць акустычныя канцэрты пры свечках, а гарады прыбяруць падсветку з галоўных будынкаў.
28 сакавіка з 20.30 па 21.30 гарады і вёскі па ўсім свеце пагрузяцца ў цемру, такім чынам беручы ўдзел у найбуйнейшай экалагічнай акцыі "Гадзіна Зямлі". Так чалавецтва галасуе за здаровую планету і прыцягвае ўвагу да праблем змены клімату.
Падтрымаць акцыю збіраюцца і беларускія музыкі, многія з якіх рыхтуюць акустычныя канцэрты пры свечках у розных гарадах Беларусі.
Так, напрыклад, у сталічнай кавярні Loft акцыю падтрымаюць гурты Hummuskiss і Navi.
У той жа час у гомельскім "Танкабары" прагучаць беларускія народныя песні ў выкананні трыа Shuma Voices, якое бярэ ўдзел у акцыі другі год запар.
У Брэсцкім гарадскім парку з 20.30 будуць граць скрыпка і саксафон, таксама мінакі змогуць паглядзець агнявое шоў тэатра "Эстэрэ". Звярнуць увагу на "Гадзіну Зямлі" заклікае і лідар гурта Re1ikt Уладзімір Казлоў. Музыка кажа, што ідэя акцыі сугучная з поглядамі музыкаў:
"Уважлівы, неабыякавы падыход да жыцця любога разумнага чалавека ўплывае на светапогляд, і чалавек робіць выбар, як яму паступаць са сваім жыццём і ставіцца да свету, у якім ён жыве. Гэта звычайныя рэчы, якія павінен разумець кожны", — цытуе словы музыкі "Беларускі зялёны партал".
Рокер Піт Паўлаў мяркуе, што дзякуючы агульным намаганням можна перавыхаваць насельніцтва Беларусі, якое пакуль не надта ўмее прыбіраць пасля сябе. Музыка заклікае кожнага ўвечары 28 сакавіка прайсці выпрабаванне: адключыць мабільныя тэлефоны, выключыць святло і выйсці на вуліцу.
Ініцыятарам акцыі ў Беларусі выступае Таварыства экалагічных арганізацый "Зялёная сетка" пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь. Цікава, што акцыю падтрымалі МУС, МЗС, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства энергетыкі і іншыя дзяржаўныя ўстановы.
Па матэрыялах greenbelarus.info