“Па буднях п’ю піва, а на выходных — як атрымаецца”
Еўрарадыё даведалася, што п’юць беларусы, і параўнала кошты на алкаголь з суседнімі краінамі.
У віна-гарэлачнай краме па вуліцы Маркса ўжо зранку стаяць некалькі мужчын, прыглядаюцца да коштаў на віно ды гарэлку. Самае таннае беларускае віно з паэтычнай назвай “Добры кум”, вядомае ў народзе як чарнілы, каштуе ад 6 тысяч рублёў.
За самае дарагое віно ў гэтай краме — “Малако каханай жанчыны” — трэба заплаціць 33 тысячы.
Пытаюся ў хлопца на выхадзе, ці хацеў бы пакаштаваць тое “Малако”.
“Я п’ю толькі піва. Я спартовец, гуляю ў футбол. Часам, пасля футболу п’ем з хлопцамі піва”.
Цяпер хлопец п’е “Аліварыю”, бо прывазное піва б’е па кішэні.
У Цэнтральным універсаме яно каштуе ад 3 да 28 тысяч. Самае дарагое – з Вялікабрытаніі. Самае таннае — беларускае “Жыгулёўскае”. Расійскі “Эфес” абыдзецца ў 8 тысяч, “Неўскае” — на тысячу даражэй.
На выхадзе пытаюся ў дзяўчыны, ці ўжывае алкаголь.
“У такое надвор’е добра піць глінтвейн”.
Праўда, з беларускага віна дзяўчына глінтвейн не гатуе.
“Я гляджу на якасць прадукту, беларускае віно гэтым якасцям не адпавядае. Што там у нас ёсць… “Фауст”, “Добры кум”, — пасміхаецца дзяўчына.
Гарэлка ў Цэнтральным каштуе ад 13 тысяч. Найбольш танныя “Вадалей” і “Прэзент”. З айчынных, але нятанных ёсць “Бульбаш” за 27 тысяч.
У краму кіруецца мужчына сярэдняга веку. Цікаўлюся, ці п’е ён гарэлку.
“У розны час па-рознаму, калі з фінансамі ўсё добра, то п’ю каньяк. Чым даражэй, тым лепш. Тады п’ю армянскі”.
Але зараз армянскі каньяк набыць складана, скардзіцца мужчына.
“Беларускія напоі цяпер. Гэта з-за фінансаў. Калі б дазвалялі, глядзеў бы на якасць, а так выбару не застаецца”.
Заходжу ў фірменную вінную краму “Кюве”. Самае дарагое віно тут каштуе 2 мільёны — французскі “Chateau Talbot”. Самае таннае — літровы пакет “Ланзар” за 17 тысяч.
У маладога хлопца каля крамы пытаюся, якія алкагольныя напоі той ужывае.
“Як атрымаецца. Па буднях — піва, а па выходных — як атрымаецца. У залежнасці ад нагоды”.
Яго сябра ўжывае віно, чырвонае, праўда, не беларускае.
“Не, толькі не беларускае, аб якім беларускім віне можа весціся гаворка”.
Цікава, што танная беларуская гарэлка не нашмат даражэй за піва. Добрае ўкраінскае піва каштуе ў сталічнай краме да 10 тысяч, а гарэлка толькі 13.
Да прыкладу, у суседняй Польшчы гэтая розніца большая. Таннае піва каштуе ў раёне долара. А гарэлка каля 34 тысяч, калі перавесці на беларускія грошы. То бок у 4 разы даражэй за піва.
У Маскве самае таннае піва каштуе 9 тысяч беларускіх рублёў. Самае дарагое — 35 тысяч. Самая танная гарэлка ў расійскай сталіцы 24 тысячы на беларускія рублі. Адна з самых дарагіх “Absolut” — 142 тысячы.
Ва Украіне гарэлка каштуе ад 19 тысяч на нашы грошы, калі глядзець у прадуктовых інтэрнэт-крамах. Абсалют будзе каштаваць 144 тысячы, а ўкраінскае піва “Львівске” — 3 тысячы амаль як беларускае.
Дарэчы, з 15 апытаных карэспандэнтам Еўрарадыё мінакоў, толькі адзін хлопец адказаў, што не п’е наогул.
Фота: bymedia.net