У камеры на Акрэсціна мусіць быць тэлевізар

Калі ўваходзіш у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, адчуванне, што патрапіў на першы ўзровень змроку, як у фільме "Начны дазор", — паўсюль лётае нейкая машкара. Невялікая камера, асноўную плошчу якой займае драўляная "сцэна", туалет ніяк не аддзелены, побач умывальнік, над ім маленькая палічка, сметніца. Спяць усе на “сцэне” без матрасаў. Такія ўмовы, хутчэй, можна сустрэць у Сірыі ці Ліване.


"Спальнае месца, нават калі гэта "сцэна", павінна быць абсталяванае пасцельнымі прыладамі. Але яшчэ раз хачу нагадаць пра міжнародныя стандарты ААН, дзе гаворыцца, што спальнае месца павінна быць забяспечанае ў той форме, у якой прынята для мясцовасці. У нас, прабачце, не Сярэдні Усход, нашай культуры ўласціва карыстацца ложкамі", — кажа юрыст Павел Сапелка.


Алена Дубовік трапіла ў ізалятар і пасля паскардзілася на ўмовы ўтрымання. І міліцыя... пацвярджае парушэнні! Але, аказваецца, пацвярджае не ўпершыню.


"Пра гэта пракуратура і ГУУС пры правядзенні праверак паведамляла не толькі Алене", — кажа Павел Сапелка.


Алена скардзіцца, што камера была перапоўненая, туалет у паўметры ад спальнага месца і адгароджаны толькі невысокай сценкай, у камеры няма нічога акрамя драўлянага памоста, так званай “сцэны”, на якім усе спяць. Матрас не выдаюць, спаць даводзіцца на дошках. Замест туалетнай паперы — кавалак газеты.

Тая самая "сцэна" на якой спяць зняволеныя. На ёй намаляваныя шахматныя дошкі.


Для пачатку паспрабуем паглядзець, як павінна выглядаць Акрэсціна згодна з Правіламі ўнутранага распарадку для ўстановаў, дзе людзі адбываюць адміністратыўнае пакаранне:


Лаўкі, стол, тумбачкі, умывальнік, кран, бачок з пітной вадой, радыёпрымач, нават тэлевізар, па магчымасці, сметніца, вентыляцыйнае абсталяванне, вокны такога памеру, каб забяспечыць асвятленне. І асобнае спальнае месца. Мінімум раз на тыдзень мусіць быць душ, штодзень — прагулка, як мінімум, гадзіну. Павінны выдаваць мыла, туалетную паперу, настольныя гульні...


Рэальна ж, у камеры няма нічога гэтага, акрамя амаль не агароджанай дзіркі ў падлозе, умывальніка і крана. “Сцэна” выконвае ролю стала, лавак, спальных месцаў і нават настольных гульняў, шахматная дошка намаляваная прама на ёй. Замест паперы — газета, прагулак няма, зняволеныя ўвесь час у камеры, у якой амаль няма дзе пахадзіць.

Намеснік дырэктара ўстановы "Платформа" Алёна Красоўская-Каспяровіч таксама патрапіла на Акрэсціна. Не сказаць, каб ёй спадабалася, але ўмовы не падаліся такімі жудаснымі, чакала горшага. Ахова аказалася ветлівай, а ў камеры не было душна, але ж Алёна прызнаецца, што паліць, інакш адчувала б сябе горш.


"У маёй камеры норма плошчы выконвалася. На сценах у камеры была шуба, якая ўжо вельмі даўно забароненая да выкарыстання ў пенітэцыярных установах Беларусі. Не выдавалася ніякіх сродкаў гігіены. Я трапіла на Акрэсціна з вуліцы, у мяне не было нічога з сабой. Калі б са мной не падзяліліся сукамерніцы, не ведаю, што б рабіла. Не было таксама індывідуальнага спальнага месца і не выдавалася пасцельная бялізна і матрас. Не магу сказаць, што мяне гэтыя ўмовы напужалі ці раздавілі, як асобу. Але парушэнні там ёсць".

На сценах у камеры была шуба, якая ўжо вельмі даўно забароненая да выкарыстання ў пенітэцыярных установах Беларусі.


Вось усё, што ёсць у камеры, акрамя "сцэны". Паверхня сцен зробленая ў выглядзе "шубы". Фотаздымкі выкладзеныя на сайце mfront.net некалькі год таму. За гэты час нічога не змянілася.


Павел Сапелка лічыць, што трэба пісаць скаргі, каб Акрэсціна адрамантавалі. А калі адрамантаваць немагчыма, то па законе ізалятар павінен быць... зачынены:


"ГУУС лічыць, што парушэнне правілаў гэта абстрактная віна, некага, хто не дае грошы на рамонт. Але існуюць правілы, якія павінны выконвацца незалежна ад таго, ёсць сродкі ці няма. А калі ўстанова не здольная выконваць той рэжым, які прадугледжаны законам, то яна павінна быць зачыненая".


А згодна з міжнароднымі мінімальнымі нормамі ААН, якія падпісала Беларусь усё яшчэ больш цікава. Кожны зняволены павінен мець асобную камеру, ці пакой. Сяліць двух чалавек у адзін пакой не пажадана. Калі ж камеры агульныя, то зняволеных трэба адбіраць і пераканацца, што яны могуць жыць разам у такіх умовах. Неасуджаных трэба трымаць асобна ад тых каго ўжо асудзілі.

А ў краінах, дзе закон дазваляе зняволенне за грамадзянскія справы, зняволеных не варта падвяргаць больш строгаму абыходжанню, чым тое, якое неабходна для надзейнага нагляду і падтрымання належнага парадку.

Як ёсць

Як павінна быць

Мінімальныя стандарты ААН

Прагулка

Паўла Свярдлова выводзілі 1 раз за 15 сутак – на 3 ліпеня

Штодзень, не меней 1 гадзіны залежна ад надвор’я

Кожны дзень хаця б гадзіну на свежым паветры

Койка

“Сцэна” – драўляны памост без матрасаў і бялізны ці нейкіх іншых спальных прыладаў

Спальнае месца з пасцельнымі прыладамі

Асобная койка згодна з мясцовымі нормамі з чыстымі спальнымі прыладамі, якія павінны мяняцца так часта, каб забяспечваць чысціню

Душ

Паўла Свярдлова вадзілі 4 разы за 15 сутак па просьбе

Не радзей, чым раз на тыдзень, не меней за 15 хвілін

Хаця б раз на тыдзень залежна ад клімата і надвор’я

Туалет

Дзірка ў падлозе, з невялікай перагародкай, усе могуць чуць і бачыць, як чалавек спраўляе патрэбы

Памяшканне павінна быць абсталяванае санітарным вузлом

Такім, каб кожны мог задавальняць свае патрэбы, калі мае неабходнасць, ва ўмовах чысціні і прыстойнасці

Пітная вада

Няма, толькі з крана, ці ў перадачах

Штодзённа, па патрэбе, выдаецца ахалоджаная гатаваная вада

Кожны зняволены павінен мець пітную ваду, калі мае патрэбу

Абсталяванне камеры

Сцэна, умывальнік, параша, маленькая палічка, сметніца. Дзённае святло праз невялікае вакенца ў сцяне, Алена Дубовік скардзіцца, што цяжка чытаць і хутка стамляюцца вочы.

Стол з лаўкамі, санітарны вузел, умывальнік, кран, бачок з пітной вадой, тумбачка, сметніца, вентыляцыйнае абсталяванне, тэлевізар па магчымасці. Камеры павінны мець натуральнае асвятленне, штучнае дапушчальнае толькі ў санітарных вузлах і душавых. Сістэма прымусовай прытокава-выцяжной вентыляцыі, а таксама выцяжной вентыляцыі.

Вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваны так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, існуе ці не штучная сістэма вентыляцыі. Штучнае асвятленне павінна быць дастатковым для таго, каб зняволеныя маглі чытаць або працаваць без небяспекі для зроку.

Прылады

Замест туалетнай паперы газета. Прылады для прыборкі памяшкання. Умывальнік і туалет даводзіцца мыць адной шчоткай.

Мыла гаспадарчае, туалетная папера, настольныя гульні, прылады для ўборкі камеры, швейныя іголкі, нажніцы, нажы, могуць быць выданыя на кароткі час пад наглядам.

Няма. Бо мінімальныя патрабаванні ААН прымаліся ў 1955 годзе і на той момант з'яўляліся мінімальнымі, гэта значыць, што горш быць не можа.

Санітарныя нормы

У камеры вадзіліся пацукі. Некаторыя з арыштаваных у камеры былі ў крайняй ступені неахайнасці (са скаргі Алёны Дубовік)

У спецыяльных установах павінна быць арганізаванае рэгулярнае правядзенне прафілактычнай апрацоўкі памяшканняў супраць насякомых і грызуноў па дагаворах з дэзінфекцыйнай службай тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі

Усе часткі ўстановы, якімі зняволеныя карыстаюцца рэгулярна, павінны заўсёды утрымлівацца ў належным парадку і самой строгай чысціні

Мінімальныя патрабаванні ААН прымаліся ў 1955 годзе. Яшчэ на той момант яны з'яўляліся мінімальнымі, гэта значыць, што горш не можа быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі