Па заробках беларусы вярнуліся ў травень 2010 года!

120426 Zybluk Zarplata.mp3

Белстат абвясціў, што сярэдні заробак жыхароў Мінска за сакавік перавысіў 500 долараў. З леташняга досведу мы добра памятаем: праз пару месяцаў пасля таго, як у сувязі з заробкамі беларусаў згадваецца лічба ў $500, у краіне здараецца фінансавы крызіс!

“Усім зразумела, што новы неабгрунтаваны і хуткі рост заробкаў у эканоміцы можа падштурхнуць да паскарэння тэмпаў інфляцыі і ўзмацнення валатыльнасці ўнутранага валютнага рынка. Але не трэба празмерна драматызаваць гэты рост заробкаў. Бо пакуль што нават той рост заробкаў, які назіраецца, не вядзе да абвастрэння негатыўных тэндэнцый у эканоміцы”, ― лічыць аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Калі паглядзець на лічбы, заробкі за сакавік узраслі заўважна. У сярэднім, беларусы пачалі атрымліваць 3 мільёны 159,6 тысяч. Гэта на 6,6% ці на 195 тысяч 400 рублёў больш, чым у лютым.

“3,159 мільёны ― сярэдні сакавіцкі заробак. Яго мы падзелім на сярэднеўзважаны курс пакупкі долара ў сакавіку. У гэтым выпадку заробак за сакавік узрос да $387,3. Вы спытаеце ў мяне, да чаго мы вярнуліся, у якой мы цяпер сістэме каардынат? Прыкладна, вось гэты заробак адпавядае ўзроўню траўня 2010 года”, ― працягвае Аляксандр Муха.

Высвятляецца, што са жніўня 2011 года заробак беларусаў толькі расце. З таго часу ён набраў ні многа, ні мала, а 148 долараў!

Аляксандр Муха: “Па нашых разліках, сярэдні заробак у эканоміцы Беларусі ў 2011 годзе дасягнуў лакальнага мінімуму ў жніўні. Тады мы атрымлівалі 239,3 долара. Бачыце? Ішло даволі рэзкае скарачэнне! Яшчэ ў снежні 2010 года было $521,2”.

Што праўда, долар сёння ўжо не той, што быў у снежні 2010-га. Таму, каб выйсці хаця б на $500 у пераліку на кошты 2010-га, сёння беларусам трэба атрымліваць, хаця б $600. Дарэчы, гэта ўжо ўзровень Кіева ($525 за месяц, звесткі Мінстата Украіны), што, на думку Аляксандра Мухі, сведчыць пра тое, што сёння сярэдні заробак беларусаў падыходзяць да свайго рэальнага памеру.

Аляксандр Муха: “Мы зараз наблізіліся да нейкага ўзважанага памеру заробкаў. Бо калі разрыў будзе павялічвацца, беларускім вытворцам будзе больш цяжка канкураваць з украінскімі кампаніямі. З іншага боку, калі казаць пра сярэднетэрміновую перспектыву, і сярэдні заробак, і кошты ў Беларусі будуць выроўнівацца з заробкамі і коштамі ў расійскім і ўкраінскім памежжы. Гэта азначае, што і заробкі, і кошты ў Беларусі будуць у бліжэйшы час павольна падвышацца”.

А вось кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што агучаныя заробкі беларусаў ― істотна ніжэйшыя, чым маглі б быць ужо сёння. Эканаміст сцвярджае, што нават грошай не трэба дадрукоўваць, каб плаціць беларусам больш: рост заробку забяспечваецца экспартам:

Леанід Заіка: “Дзякуючы цудоўнай дэвальвацыі ў 3 разы, сярэдні заробак стаў утрая ніжэйшы за расійскі. Пры такіх нізкіх выдатках на працоўную сілу кошты на беларускую экспартную прадукцыю сталі больш чым канкурэнтаздольнымі! І экспарт вырас на 53,3%! Што ж тут дзіўнага? Можам толькі заўважыць, што з магчымых варыянтаў росту на 53% заробак вырас толькі на 6%”.

Вось яшчэ некалькі істотных адрозненняў сённяшняй сітуацыі ад перадкрызісных першых месяцаў 2011 года.

Па-першае, атрымліваючы заробкі, беларусы не спяшаюцца адразу ж пераводзіць іх у долары. Па статыстыцы Нацбанка, попыт на валюту ў сакавіку істотна не змяніўся. На мове эканамістаў, беларусы застаюцца “чыстымі прадаўцамі” валюты.

Па-другое, баланс паміж беларускім экспартам і імпартам сёлета складаецца станоўчы.

Па-трэцяе, “рост заробкаў, які мы назіраем, забяспечаны, у асноўным, за кошт прыватных прадпрыемстваў”, – заўважае Аляксандр Муха. У 2010 годзе да запаветных $500 “падцягвалі” заробкі бюджэтнікаў, рост якіх заўжды менш эканамічна абгрунтаваны, чым рост заробкаў у сферы бізнэса.

Гэта ўсё дае надзею на тое, што сёлетнія $500 сярэдняга заробку не справакуюць у Беларусі фінансавы крызіс.

З пытаннем "Ці адчуваеце вы, як расце ваш заробак?" Еўрарадыё выйшла на вуліцы Мінска. Адказы мінакоў слухайце тут.

Фота: oko.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі