Пад Светлагорскам затрымалі актывістаў "Гавары праўду!" і журналістаў
Таксама светлагорская міліцыя затрымала жыхароў вёскі Якімава Слабада.
Актывісты грамадзянскай кампаніі сёння праводзілі рэгіянальную акцыю, наведвалі Рагачоў і Светлагорскі раён. Жыхары вёскі Якімава Слабада не згодныя з планамі ўладаў пабудаваць тут завод беленай цэлюлозы са шкоднай вытворчасцю. Яны хочуць правесці мясцовы рэферэндум у адпаведнасці з законам. Юрыдычна вяскоўцам дапамагаюць актывісты "Гавары праўду!", адзначае БелаПАН. Яны прыехалі ў вёску, каб дапамагчы грамадзянам дамагчыся рэферэндуму.
Міліцыя спыніла групу актывістаў і журналістаў ды абвінаваціла іх у парушэнні правілаў дарожнага руху.
Як паведамляе ў сваім фэйсбуку актывіст кампаніі Павел Вінаградаў, з пастарунку выпусцілі журналістку Радыё "Свабода" Іну Студзінскую. Крыху раней стала вядома, што на свабоду выйшаў журналіст "Салідарнасці" Сяргей Балай. А вос Міхася Пашкевіча павезлі ў лякарню, бо яму моцна прышчамілі руку.