Падарожжа са сталкерам па брэсцкай турме (фотарэпартаж)
Ізалятар часовага ўтрымання не працуе ўжо некалькі гадоў. Да нядаўняга будынак стаяў зачынены. Цяпер у яго можна прайсці проста праз адкрытую брамку.
Увагу нашага экстрэмала-экскурсавода папраўчая ўстанова прыцягнула некалькі тыдняў таму. Рабочыя выносілі адтуль рэшткі мэблі, а пасля працы зноў забіваць уваход не сталі.
Цяпер часовым домам для "сутачнікаў" абодвух раёнаў горада з'яўляецца ізалятар Ленінскага РАУС. "Сталкер" прызнаецца, што падчас выбарчай кампаніі 2006 года пабываў і тут, і на вуліцы Лейтэнанта Рабцава (там знаходзіцца дзейсны ізалятар. — Еўрарадыё). Менавіта так ён "расплачваўся" за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях апазіцыі.
Успаміны былога вязня сумлення распачынаюцца ад уваходу. У акенцы вітаў дзяжурны на пропуску. Ён забіраў дакументы і асабістыя рэчы на захоўванне, а таксама прымаў перадачкі ад сваякоў і сяброў.
Пасля праверкі праз "вочка" ў дзвярах ахоўнік запускаў у калідор.
Першы прыпынак — пакой без вокнаў. Тут цалкам распраналі для пошуку забароненых рэчаў. Калі ёсць рамень і матузкі ў абутку, іх адбіралі.
Пазней трапляеш у камеру, якая становіцца асноўным месцам знаходжання ў гэтыя дні. Жылі тут да чатырох чалавек. Цяпер рабочыя павыносілі нават нары.
"Акенца" над дзвярыма — умураваны ў сцяну сантыметровы кавалак пластыку, за якім знаходзілася лямпачка. У цёмны час сутак гэта адзіная крыніца святла. Дужа доўга пад ёй не пачытаеш — стамляюцца вочы.
Акно з кратамі на самым версе камеры. Відаць толькі неба.
"Кармушка" на дзвярах з боку ахоўніка. Праз яе тры разы на дзень перадавалі ежу і нешматлікія перадачкі, якія не забракавалі дзяжурныя па змене.
Адзіная прыбіральня на ўсе 8 камераў. Спраўляць натуральныя патрэбы дазвалялі два разы на дзень: а 6-7-й раніцы і 6-7-й увечары. На ўвесь астатні час у камеру выдавалі вядро. Самі парушальнікі штодня прызначалі дзяжурнага па "кватэры" (так камеру называлі бывалыя сутачнікі. - Еўрарадыё), ён і выносіў пад канвоем запоўнены "ўнітаз". Душ знаходзіўся ў пакоі перад прыбіральняй і дазваляўся адзін раз на сем дзён.
Месца для шпацыру. Гэта бетонная скрыня плошчай 4х4 метры і 3 метры ўвышыню. Раней зверху яе накрывалі краты. Па правілах, сюды мусяць выпускаць на гадзіну раз на дзень. Але можна было нарвацца на змену, якой было абыякава да такіх акалічнасцяў.