Падзеі тыдня: Вешаем вешальніка, праводзім Папу, размарожваемся ў Вільні
25.02 — 03.03. Выбух у Серабранцы, Цясак у “Кароне”, грошы апазіцыі і кветкі да Дня волі.
Цясак вызвалены. У нядзелю 24 лютага расійскі неанацыст Цясак выйшаў з СІЗА ў Мінску. Разам з ім былі вызваленыя яго паплечнікі, адзін з якіх 15 лютага парэзаў нажом мінскага антыфашыста. Цясак адпушчаны пад абавязальніцтва аб яўцы. У інтэрв'ю "Комсомольской правде в Белоруссии" ён заявіў, што можа свабодна з'ехаць з Беларусі. Аднак з’язджаць не спяшаецца: днямі яго бачылі ў гіпермаркеце “Карона”.
Неанацыст з яйкамі
Узрадаваныя неанацысты прывіталі вызваленне свайго лідара і ўпэўніліся ў намеры неўзабаве сабрацца ў Мінску на ўласным байцоўскім турніры.
Дзяржава — гэта мы? Аляксандр Лукашэнка перасцярог бізнэсоўцаў ад таго, каб падтрымліваць апазіцыю. "Калі хтосьці з бізнэсменаў будзе фінансаваць пятую калону ці нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, барацьбу супраць дзяржавы", — сказаў ён. Самае цікавае ў гэтым выказванні ― зусім не грошы, а знак роўна паміж дзяржавай і ўладай, які паставіў кіраўнік краіны. "Палітычная барацьба" (то бок, барацьба за ўладу) у Беларусі цяпер — гэта барацьба "супраць дзяржавы"? Што ж, яшчэ не "Дзяржава — гэта я", але ўжо дакладна "Дзяржава гэта мы".
А вось лідар беларускіх ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ў пагрозе Лукашэнкі бізнэсменам няма сэнсу. Маўляў, бізнэсоўцы і так ніколі не выдаткоўвалі грошы на падтрымку нейкай палітычнай дзейнасці. Ну, можа, на падтрымку дзейнасці Гайдукевіча і сапраўды не выдаткоўвалі.
Тым часам, Аляксандр Лукашэнка незвычайным чынам дапамагае расійскім гандлярам з мястэчка Камень-Шахцінскі. Каб павысіць продажы, яны паставілі побач з крамай... Кардонную фігуру беларускага лідара! Што тут скажаш? Галоўнае — верыць.
Той самы Лукашэнка
Павесіць вешальніка. У Мінску і Гродне адбываюцца прэзентацыі гульні "Паўстанцы". Гульня падобная да "Мафіі", але персанажы ў ёй — з беларускай гісторыі: Кастусь Каліноўскі, царскія службоўцы, гродзенскія губернатары, Мураўёў-вешальнік... І, вядома ж, "мірныя" жыхары. Кажуць, што ў гульні можа перамагчы Кастусь Каліноўскі. І вось, ужо Міхаіл Мураўёў піша "Письмо из-под виселицы"... Патрабуем працягу ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі!
$100 за газ. 23 лютага ў Мінску на 9 паверсе жылога дома адбыўся выбух. Агонь пашкодзіў некалькі кватэраў, два чалавекі загінулі... Месца здарэння адразу ж ачапіла міліцыя. Працоўная версія — выбухнуў газ. 27 лютага стала вядома, што ахвярам выбуху пачалі выплачваць кампенсацыі. Пенсіянерам выдалі па 900 тысяч рублёў. А вярнуць людзей у іх кватэры гарадскія ўлады абяцаюць у красавіку.
Аднаўленчыя працы на месцы выбуху ўжо пачаліся. Высвятленне акалічнасцяў выбуху працягваецца: міліцыя шукае сваякоў загінулых, і дагэтуль ахоўвае пад'езд. Але тамтэйшыя ўсё роўна баяцца марадзёраў.
Кветкі для класікаў. На тыдні апазіцыя вызначалася, як адсвяткаваць 95-я ўгодкі абвяшчэння БНР. Сябры аргкамітэту плануюць на 24 сакавіка шэсце і мітынг на плошчы Бангалор, а таксама канцэрт музыкаў з "чорнага" спісу ў ПК МТЗ. “У тым выпадку, калі не будзе атрыманы дазвол на вулічнае мерапрыемства, адзінай нагодай застанецца ўскладанне кветак [да помнікаў Купалу і Коласу. ― Еўрарадыё]", ― канстатуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Рух "За свабоду" плануе запрасіць на канцэрт чыноўнікаў з Міністэрства культуры і Акадэміі навук. Але тыя наўрад ці прыйдуць. Таму лепш бы апазіцыя сканцэнтравалася на "Плане А" і актыўней запрашала людзей на шэсце. І з аптовым пастаўшчыком кветак на ўсялякі выпадак няблага было б дамовіцца.
Папа пакінуў будынак. 27 лютага Бенедыкт XVI апошні раз звярнуўся да вернікаў у Ватыкане. А 28-га, развітаўшыся з кардыналамі і домам, сеў на верталёт і накіраваўся ў невялічкае італьянскае мястэчка Кастэль Гандольфа, каб апошні раз звярнуцца да католікаў у якасці Папы Рымскага. У Кастэль Гандольфа Ёзэф Ратцынгер прабудзе пару месяцаў, пакуль у Ватыкане не адрамантуюць яго наступную рэзідэнцыю ― колішні жаночы кляштар Mater Ecclesiae:
Новая музыка. Адразу 3 музычныя прэзентацыі прайшлі гэтым тыднем на сайце Еўрарадыё. У аўторак мы прэзентавалі новы джазавы праект Аганеса Аванесяна H.A. Quartet, у чацвер — сінгл “Пузо-сила” ад гурта “Йо-Йо”, а ў пятніцу — песню "DIY" з новага EP гурта "Спрат". Слухайце на здароўе!
Асноўная культурная падзея тыдня — двухдзённы фэст "Razmarozka". Квіткі расхапалі яшчэ за месяц. Арганізатары фэста папярэджваюць, што вылічаць кожнага, хто не дойдзе да Forum Palace. І абяцаюць ім праблемы з наступным "шэнгенам".
"Размарозка" адбываецца не толькі ў Вільні, сакавік пачаўся і ў Беларусі. Вось толькі на наступным тыдні сіноптыкі абяцаюць да -15. Што ж, як кажуць, зіму перазімавалі — і вясну перазімуем.