Пакаранне за незаконны прысуд — пазбаўленне прэміі?

120409 Luka6uk Nezakonno.mp3

Летась беларуская Феміда незаконна асудзіла па крымінальных артыкулах 426 грамадзян. Такую лічбу называе намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед. А кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Павел Траулька ўдакладняе: усе гэтыя людзі былі вызваленыя. А вось якое пакаранне панеслі тыя, з-за каго гэтыя 426 чалавек незаконна былі пакараныя, не ўдакладняецца.

Павел Траулька: “Кожная канкрэтная крымінальная справа тут разглядалася і меры былі прынятыя — пачынаючы ад дысцыплінарнай адказнасці. А пра крымінальную сказаць не магу — шмат па якіх справах праверкі яшчэ працягваюцца. І вінаватыя ў неправамерных дзеяннях будуць, безумоўна, пакараныя — закон вызначыць ступень іх віны”.

Згодна са словамі юрыста Міхаіла Пастухова, за апошнія некалькіх гадоў ніводнага суддзю не прыцягнулі да сур’ёзнай адказнасці за вынясенне незаконнага вердыкту.

Міхаіл Пастухоў: “Такія суддзі, у выпадку адмены іх прысуду, могуць пазбаўляцца прэміі альбо прыцягвацца ў асобных выпадках да дысцыплінарнай адказнасці: могуць затрымліваць ім прысваенне чарговага кваліфікацыйнага класа па выслузе гадоў, могуць пазбаўляць яшчэ якіх ільгот. А каб прыцягваць суддзяў да крымінальнай адказнасці па такіх справах — пра такія выпадкі я не чуў цягам апошніх гадоў”.

Супрацоўнікі органаў дазнання нясуць пакаранне ў выпадках, калі яны маюць дачыненне да незаконнага асуджэння, — пацвярджае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч. На падставе прадстаўленых імі доказаў чалавека асуджаюць.

Канстанцін Шалькевіч: “У адпаведнасці з дысцыплінарным статутам. У залежнасці ад цяжару здзейсненага ўчынку. А калі ўгледзелі склад злачынства, то могуць быць і асуджаныя ў тым ліку”.

Але на пытанні, колькі супрацоўнікаў міліцыі былі пакараныя па справах аб незаконным асуджэнні і што гэта былі за пакаранні, нідзе адказу няма.

А вось экс-генеральны пракурор Рыгор Васілевіч сцвярджае: часцей за незаконнае асуджэнне караюць не суддзяў і не следчых, а дзяржаўнага абвінаваўца, супрацоўнікаў пракуратуры. Хоць яны працуюць на падставе дакументаў, якія прадставілі следчыя.

Рыгор Васілевіч: “Дзяржабвінаваўцы вельмі часта прыцягваліся да адказнасці, пракурорскія супрацоўнікі і кіраўнікі пракуратуры. У абвінаваўцы доля такая — ён працуе па дакументах, па тым, што напрацавала следства, што яно прадставіла. Дакументальна, можа быць, там усё аформлена правільна. І калі дзяржабвінаваўца не адчуў, што ў гэтых дакументах можа быць нейкі падвох, нейкія парушэнні, то ў гэтым выпадку магчыма вынясенне прысуда незаконнага, які пазней можа быць адменены”.

Часцей пакаранне бывае альбо дысцыплінарнае, альбо “фінансавае” — у выглядзе знятай прэміі. Ад памылак, па словах Васілевіча, не застрахаваны ніхто. Нават бывае, што з-за недакладнага і незразумела прапісанага заканадаўства яго па-рознаму трактуюць абвінаваўца і суддзя.

Усе незаконна асуджаныя маюць права на грашовую кампенсацыю. Вось толькі дабіцца гэтага вельмі складана.

Міхаіл Пастухоў: “У судоў няма спецыяльных фондаў па кампенсацыі для асоб, якія былі незаконна асуджаныя. Гэта ўсё вырашаецца праз Міністэрства фінансаў у кожным канкрэтным выпадку. А ўлічваючы, што грошай на гэтыя мэты не выдзяляецца дзяржавай, то звычайна аддаюць перавагу абмежавацца канстатацыяй факту, што прысуд адменены”.

Тым не менш, Пастухоў раіць усім 426 вызваленым незаконна асуджаным дабівацца грашовай кампенсацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі