Паліць фаеры беларускім фанатам дазволілі ў пачатку і ў канцы сезона (фота)
Еўрарадыё сабрала самыя яскравыя піратэхнічныя шоў, якія апошнім часам зладзілі футбольныя фанаты па ўсёй краіне.
Палілі фаеры ў Жодзіне, Магілёве, Салігорску, Слуцку, Маладзечне. Нядрэнна атрымалася, напрыклад, у Гродне.
“Рэгулярна сустракаемся з балельшчыкамі, фанатамі. Яны прапанавалі арганізаваць фаер-шоў. Прагаварылі ўсё, запатрабавалі ад балельшчыкаў неабходную дакументацыю, каб прынеслі піратэхнічныя сродкі з сертыфікатамі і са спісам удзельнікаў”, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар ФК “Нёман” Андрэй Чэпа.
"Нёман" (Гродна) Фота: lambretta
Паводле яго слоў, каб правесці такое фаер-шоў, патрэбна атрымаць дазволы ва ўсіх інстанцыях. Што
праўда, у Гродне ўсе папяровыя справы вырашылі за 3-4 дні, падалі заяўку ў Федэрацыю футбола, дзе таксама спрацавалі аператыўна.
Чэмпіёнства БАТЭ пасля перамогі над “Мінскам” адсвяткавалі піратэхнікай і барысаўскія фанаты.
“Мне вельмі спадабалася, было вельмі прыгожа. Ведаю, што спадабалася гульцам, ды і проста гледачам. На мой суб’ектыўны погляд, гэта было вельмі прыгожа, эфектна, гэта дадае пэўную іскрынку. Галоўнае, каб гэта не перашкаджала правядзенню матчаў”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі менеджар па маркетынгу БАТЭ Віктар Хадасевіч.
БАТЭ (Барысаў) Фота: афіцыйны сайт БАТЭ
Пабачыць такое відовішча на еўрапейскіх матчах наўрад ці атрымаецца.
“УЕФА мае выразную пазіцыю, там гэта адназначна забаронена. Там неяк дамовіцца ў прынцыпе немагчыма. Калі тут можна гарантаваць бяспеку, то УЕФА адназначна супраць, нават калі будуць такія гарантыі”, — працягвае Віктар Хадасевіч.
Тым часам афіцэр па пытаннях бяспекі БФФ Аляксандр Чэрнік кажа, што правесці піра-шоў фанатам дазваляюць звычайна толькі ў пачатку ці ў канцы сезона.
Аляксандр Чэрнік: “Каманда гуляе на сваім полі апошнюю гульню, напрыклад. З улікам таго, што ёсць дазвол мясцовых органаў улады, мы ідзем насустрач балельшчыкам. Натуральна, з выкананнем усіх існуючых палажэнняў і нарматываў. Гэта прыгожа! Але ёсць і пытанні выканання мераў бяспекі, зразумела”.
Каб параўнаць “піратэхнічныя магчымасці” беларускіх і еўрапейскіх футбольных фанаў, Еўрарадыё звярнулася да фаната аднаго з польскіх клубаў.
Фанат: “На дадзены момант паводле польскіх законаў выкарыстоўваць піратэхніку нельга. Пагражае за гэта, па-першае, высокі штраф, каля 2 тысяч злотых (прыкладна 630$. — заўв. Еўрарадыё), напрыклад. І забарона ўваходу на стадыён да 5 гадоў. Таму цяпер усе ўльтра-групы, на жаль, адмаўляюцца ад піратэхнікі”.
На нямецкіх стадыёнах паліць фаеры таксама забаронена. Як і на сербскіх ці грэчаскіх, дзе іх усё роўна паляць. Затое легальна карыстацца піратэхнікай можна ў Аўстрыі альбо Нарвегіі. Праўда, ў спецыяльных фаер-зонах, перад гульнёй, пасля, альбо ў перапынку.
"Дынама" (Мінск) Фота: plus.google.com
"Віцебск" Фота: kurjer.info
"Шахцёр" (Салігорск) Фота: ultras-belarus
"Забудова" (Маладэчна) Фота: ultras-belarus
"Гомель"