Палітвязня Малчанава не адпускаюць на пахаванне маці
У жодзінскім ізалятары заяўляюць, што палітвязень не можа развітацца з маці, бо яшчэ не лічыцца асуджаным.
Аляксандр Малчанаў абскарджваў абвінаваўчы прысуд у паўтара года калоніі быццам бы за крадзеж металалому. Касацыйная скарга яшчэ не разгледжаная, а да гэтага моманту прысуд не ўступае ў законную сілу і вязень не лічыцца асуджаным. Адміністрацыя жодзінскага следчага ізалятара адмаўляецца канваіраваць Малчанава ў Барысаў на пахаванне маці. Па іх словах, заканадаўства прадугледжвае такую працэдуру толькі для асуджаных.
Нагадаем, у падобнай сітуацыі раней ужо быў праваабаронца Алесь Бяляцкі, якога адмаўляліся адпускаць на пахаванне бацькі праз пададзеную касацыйную скаргу. Аднак тады дзякуючы грамадзкаму рэзанансу яго ўсё-ткі адпусцілі на цырымонію развітання. Дарэчы, на той час Бяляцкі таксама знаходзіўся ў жодзінскім ізалятары.
Фота — svaboda.org