Палякі прывязуць у Мінск спектакль для інтэлектуалаў

Спектакль “Польшча-сцэна-суполка” заяўлены у форме лекцыі, і сам гэты факт можа крыху збянтэжыць неабазнанага гледача – падаецца, што гэта будзе нешта глыбока тэарэтычнае і даволі нуднае. Але ня ў гэтым выпадку,- падбадзёрваюць арганізатары! Бо на спектаклі будуць задзейнічаныя акцёры, дыджэі, відэаінсталяцыі, ды і самі гледачы стануць удзельнікамі паказу.

“Глядач, вядома, павінен быць тэатральным, падрыхтаваным, бо сама форма паказу будзе вельмі цікавай, – распавядае арганізатар падзеі Маруся Дашук. - Яны будуць рабіць лекцыю, у якой у вельмі незвычайнай форме падрабязна распавядуць пра сучасны польскі тэатр”.

Такая тэатральная форма зараз шырока распаўсюджаная ў Польшчы, ды і ўвогуле, у Еўропе, кажа Маруся. Падчас падобнай лекцыі можна даведацца адразу пра шэраг тэатраў той ці іншай краіны ў інтэрактыўнай форме. Жыццё у такой тэатральнай лабараторыі, так бы мовіць, кіпіць і так дынамічна развіваецца, што ў выніку лекцыя ператвараецца ў сапраўдны перформанс!

“Гэта нават не тэатр у нашым разуменні, – тлумачыць Маруся Дашук. - Гэта такі тэатральны цэнтр, дзе шмат пляцовак і дзе праходзіць вельмі шмат тэатральных праектаў. Там няма тэатральнай трупы, а ў кожным праекце занятыя акцёры і рэжысёры з розных тэатраў. Гэта можна назваць больш тэатральнай лабараторыяй, а не тэатрам”.


Паколькі ў нашай краіне нічога падобнага няма, то паглядзець спектакль будзе цікава не толькі аматарам тэатру, але акцёрам і рэжысёрам. Тады, магчыма, такая ідэя прыжывецца і на адной з нашых тэатральных пляцовак, а аматараў тэатральнай дзеі стане значна больш, спадзяюцца арганізатары.

Праект “Польшча-сцэна-суполка” будзе ладзіцца на двух мовах: польскай з перакладам і часткова на рускай (відэа з субцітрамі). Паглядзець пастаноўку можна 3-га лістапада на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Уваход на спектакль вольны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі