Памёр прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес

"Мы атрымалі самую жахлівую і трагічную навіну, што прэзідэнт Уга Чавес памёр...", — заявіў Мадура ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

Рэакцыя сусветных лідараў на смерць Уга Чавеса

Чавесу было 58 гадоў. Ён нарадзіўся 28 ліпеня 1954 года ў шматдзетнай сям'і настаўніка. Скончыў Вайсковую акадэмію, служыў у ваенна-паветраных частках. У 1992 годзе Чавес здзейсніў спробу вайсковага перавароту, але няўдала і яму давялося здацца ўладам. Пасля амністыі ён займаўся выключна палітычнай дзейнасцю. У снежні 1998-га Уга Чавес перамагае на прэзідэнцкіх выбарах. Ён праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў, рэзка крытыкаваў палітыку ЗША.

У 2000 годзе Чавес быў пераабраны на пасаду прэзідэнта. У 2002 годзе здолеў утрымацца пасля спробы дзяржаўнага перавароту. Пасля былі перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 і 2012 гадоў. Аднак летась венесуэльскаму лідару давялося пагадзіцца на некалькі аперацый і курс хіміятэрапіі — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. Аднак перамагчы хваробу не ўдалося.

Чавес быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу меў чатырох дзяцей. Яшчэ адна дачка нарадзілася ад другой жонкі, з якой Чавес развёўся ў 2003 годзе. З таго часу ў Венесуэле не было першай лэдзі. У 2012 годзе ён пераабраўся на трэці тэрмін, але інаўгурацыі так і не адбылося — яе  пераносілі з-за стану здароўя.

Чавес і Аляксандр Лукашэнка лічылі адно аднога саюзнікамі і сябрамі. Венесуэльскі лідар не раз наведваў Беларусь, некалькі разоў у Венесуэле быў і Лукашэнка. Наша краіна здабывае нафту ў Венесуэле, але апошнім часам адмовілася ад яе дастаўкі ў Еўропу і прадае ў ЗША. Таксама ў Каракасе беларускія будаўнікі ўзводзяць жылыя раёны. Урад Чавеса даваў крэдыты Беларусі: у 2010 годзе наша дзяржава атрымала ад венесуэльскай краіны 500 тысяч долараў. Тады ж Чавес апошні раз наведаў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі