Панкі “Дай Дарогу!” рыхтуюць вялікі канцэрт у Мінску
А таксама выпускаюць новы альбом, мараць зладзіць акустычную прэзентацыю пласцінкі “Боли нет!” і запрасіць на выступ Міхалка.
Праграму для канцэрта ў Мінску “Дай Дарогу!” вырашылі скласці са сваіх лепшых песень а таксама прадставіць новыя кампазіцыі, якія з'явяцца у новым альбоме гурта.
“Усё, што можна будзе, сыграем! – распавядае вакаліст гурта Юрый Стыльскі.- Усё самае лепшае! І што тычыцца новага альбома, які зусім ужо на носе, натуральна, можам выканаць і песні пасвяжэй”.
Новы дыск, над якім зараз працуюць “Дай Дарогу!”, пакуль не мае назвы. Невядома таксама, і колькі дакладна песень у яго ўвойдзе. Адзінае, кажа Юрый Стыльскі, з чым музыканты “Дай Дарогу!” ужо вызначыліся – гэта заставацца вернымі абранаму музычнаму кірунку.
Юрый Стыльскі: “Нічога не прыдумвалі пакуль! Працуем над альбомам, плотна рэпетуем. На запіс нам патрэбныя прыкладна 2 тыдні. Бо трэба, каб ад зубоў адскоквала! Ёсць таксама новыя песні, якія не ўвайшлі ў альбом “Боли нет!” А ўвогуле, я сам сябе не магу ацэньваць. Можа быць, каб я змог паглядзець на нас з боку, то сказаў бы. А так… Што тычыцца музыкантаў гурта - то ўсе пруцца!”
Новых песень, дарэчы, хопіць нават не на адну пласцінку, кажа Юрый, але музыкі плануюць не перагружаць будучы альбом і спыніцца на “залатой сярэдзіне” – каля 10 -11 кампазіцый. У якасці бонуса да новага альбома “Дай Дарогу!” рыхтуюць дуэт з вядомым расійскім музыкантам, імя якога гурт пакуль трымае ў сакрэце.
Юрый Стыльскі: "Мы хацелі запісацца з адным чалавекам, а ён нешта згубіўся. Пакуль мы нікому не кажам, з кім, але чэл вельмі ўплывовы і нам будзе прыемна, калі ўсё атрымаецца".
Акрамя працы над новым альбомам, у планах – ды і ў марах Юрыя Стыльскага – прэзентацыя акустычнага альбома “Дай Дарогу!” “Боли нет!”, які выйшаў у гэтым годзе.
“Боли нет!” у нас, у асноўным, акустыка, – тлумачыць Юрый. - Я, можа быць, і вазьму з сабой акустыку ў Мінск і мы што-небудзь пабрынькаем паспакойней. Каб было і іншае гучанне на канцэрце, не такое драйвовае”.
На жаль, кажа Юрый, нікому апроч яго прэзентацыя акустычнай “Боли нет!” не патрэбная: маўляў, твой сольнік, што хочаш, тое з ім і рабі.
Юрый Стыльскі: “Падаецца, што ўсе згодныя, а як пачынеш кагосьці шукаць… Каму, акрамя мяне, гэта патрэбна? Можа быць, усё жаданне ў ва мне, і я павінен прымушаць іх ці што? І ледзь не да гвалту прыбягаць? Усім хочацца пагуляць, адпачыць, пабухаць – гэтых алкашэй развялося столькі, хоць ты іх граблямі грабі”.
Яшчэ адна задума Юрыя Стыльскага - запрасіць на канцэрт у Мінску Сяргея Міхалка, з якім “Дай Дарогу!” запісалі хіт “Боли нет!”. На жаль, пасля пэўных падзеяў, звязаных з лідарам Ляпісаў, наўрад ці гэтую ідэю атрымаецца рэалізаваць, шкадуе Юрый.
Юрый Стыльскі: “Блін, я не ведаю, што яму зараз у Беларусі рабіць.Распаленая сітуацыя для яго ўвогуле. Я думаю, ад нашых уладаў гэта было б такое вялікае глупства – усадзіць такога чалавека. Ён жа не палітык! А грамадскі чэл! Таму можа скалынуцца народ. Я асабіста, можа калі і філоніў ад удзелу ў акцыях і пратэстах, але калі зараз гэта здарыцца - у мяне будзе у тры разы больш энтузіязму”.
Зараз “Дай Дарогу!” вырашаюць, каго ім запрасіць сабе на разагрэў.
Юрый Стыльскі: “Можа, і хацелася б дапамагчы якому-небудзь калектыву, які мае гэтую патрэбу, каб яго пабачылі. І, можа, знойдзецца варты! Мы ўсё ўзважым і, можа быць, па-быранькаму правядзем які-небудзь адборачны тур”.
Нагадаем, што канцэрт “Дай Дарогу!” пройдзе ў сталічным клубе RE:PUBLIC 29-га кастрычніка, а 19-ай гадзіне.