Паралімпіец Ігар Бокій: Планую прабіцца на Алімпіяду сярод здаровых

Ігар Бокій — той самы хлопец, які выбухнуў на Паралімпіядзе ў Лондане з чатырма залатымі медалямі і срэбрам. Больш было хіба ў нашага гімнаста Віталя Шчэрбы (заваяваў на Алімпіядзе ў Барселоне 1992 года шэсць залатых медалёў).

Ігар спаборнічае са спартсменамі з катэгорыяй зроку Б-3. Простымі словамі — гэта стан паміж інваліднасцю і проста дрэнным зрокам. Такім плыўцам не патрабуюцца падказкі трэнера падчас заплываў. Яны хоць і цьмяна, але бачаць дарожку, і самастойна мяняюць пазіцыю, наблізіўшыся да борціка.

У іх больш вузкае поле зроку, сятчатка непразрыстая. Вельмі шмат фактараў, якія павінны быць уласцівыя гэтым людзям, — тлумачыць Еўрарадыё старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель. — Спартсмен праходзіць незалежную міжнародную медыцынскую камісію перад спаборніцтвамі. Там падмануць кагосьці вельмі складана. Там не ўрачы нават правяраюць, а апараты. Глядзіш у экран, і параметры зроку высвечваюцца…”.

Фота з асабістага архіву Ігара Бокія

Тэлефануем прама ў Лондан шэфу беларускай місіі, які перадае слухаўку нашаму герою.

Пра свае праблемы са здароўем размаўляць не люблю, — кажа Ігар Бокій. — Але і акуляры не нашу — адчуваю сябе нязручна”.

Праглядаем старонку чэмпіёна ў сацыяльных сетках і бачым жвавага юнака. Жарты, вершы, мілосная туга па дзяўчыне, трэніровачны план і больш за сотню ўсялякіх жартаўлівых фотаздымкаў.

Відаць, што чалавек дыхае на поўныя грудзі і асабліва не пакутуе з-за дрэннага зроку. Вынікі Ігара назваць “паралімпійскімі” можна таксама з нацяжкай. Ад алімпійскага чэмпіёна кітайца Сунь Яня (400 метраў вольным стылем) паралімпійскі Ігар Бокій адстаў на 18,64 секунды. Улічваючы, што Бокію ўсяго 18 гадоў, і гэту розніцу можна будзе з часам істотна скараціць.

Еўрарадыё: Якія ў вас планы на будучыню? Можа быць, паспаборнічаеце і з Майклам Фэлпсам?

Ігар Бокій: "Так-так, гэта ўваходзіць у мае планы, каб выступаць на арэнах са здаровымі спартсменамі. Спадзяюся прабіцца на наступную Алімпіяду, каб там таксама пазмагацца, скласці канкурэнцыю".

Еўрарадыё: То бок медыцынскія камісіі не будуць гэтаму супрацьдзейнічаць?

Ігар Бокій: "Гэта, наадварот, вітаецца, калі паралімпіец стартуе на ўзроўні са здаровымі".

Еўрарадыё: Вы выйгралі столькі медалёў! Як вам аддзячаць?

Ігар Бокій: "Гэта мне пакуль невядома. Гэтым я пакуль не цікавіўся. Пакуль працую на вынік".

Еўрарадыё: А ў якіх умовах жывяце вы і ваш трэнер?

Ігар Бокій: "Нам не выдзялялі ніякіх кватэр. Я здымаю жыллё ў Мінску, і трэнер жыве ў аднапакаёўцы, з вялікай сям’ёй".

Еўрарадыё: Чаму вы абралі эканамічную спецыяльнасць і пайшлі ў БДУ?

Ігар Бокій: "Там — эканаміст-лагіст, сумежныя спецыяльнасці. У лагістыцы я разбіраюся ўжо цяпер. Гэта грузаперавозкі, разліковыя дадзеныя. Усё звязанае з гэтым. Яно мне блізкае і падабаецца".

У Лондан Ігар Бокій з’язджаў абсалютна невядомым атлетам, а вяртаецца ў Беларусь 12-га верасня ўжо спартовай легендай. Дзяржава мусіць сплаціць плыўцу 230 тысяч долараў прэміяльных: па 50 тысяч за кожнае золата і 30 — за срэбра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі