Партыя БНФ будзе адстойваць мінскі офіс праз суд
Сыходзіць са свайго цяперашняга офіса па вуліцы Машэрава ў Мінску Партыя БНФ без барацьбы не збіраецца і будзе адстойваць права заставацца ў ім праз суд.
Ці ўдасца партыі адстаяць свой офіс у цэнтры сталіцы, стане зразумела бліжэй да канца лютага. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.
Кастусёў: "Мы настроеныя на адстойванне гэтага памяшкання да канца — і праз суды, і праз іншыя рэчы. За гэта памяшканне мы змагаемся і ўжо туды-сюды пэўныя паперы накіравалі. І яшчэ рыхтуем і будзем накіроўваць. І як я бачу, зараз сітуацыя на 50 адсоткаў за тое, што мы можам застацца, і 50 — за тое, што нас могуць высяліць. Я думаю, што цягам гэтага месяца мы будзем ведаць больш-менш канкрэтна сітуацыю".
У той жа час, кажа Рыгор Кастусёў, ён асабіста праглядае магчымыя варыянты новага памяшкання для офіса. Праўда, яшчэ ні з кім з уладальнікаў падыходзячых памяшканняў ён не сустракаўся. Таму, не вядома, як гаспадары адрэагуюць на прапанову здаць у арэнду памяшканне апазіцыйнай партыі.
Нагадаем, дамова арэнды памяшкання па адрасе Машэрава,8 заканчваецца 1 красавіка. Кіраўніцтва ЖРЭА Савецкага раёна Мінска ўжо заявіла, што дамову з Партыяй БНФ працягваць не збіраецца. Праўда, і здаваць памяшканне больш не плануе — будуць выкарыстоўваць для ўласных патрэб.
фота: narodny.org