Партыя БНФ хоча аб'яднаць прыхільнікаў і праціўнікаў байкоту
З адмысловай заявай наконт будучай выбарчай кампаніі выступіў кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Янукевіч: "На цяперашнім этапе такое аб'яднанне магчымае ў пытанні арганізацыі сумеснай арганізацыі кантролю за выбарамі. У прыватнасці, вылучэнне назіральнікаў, вылучэнне сябраў у выбарчыя камісіі... Пакуль ідзе па палітычных пытаннях досыць вострая дыскусія, кантроль за арганізацыяй выбараў якраз тая тэма, якая не выклікае ніякіх супярэчнасцяў у падыходах. І менавіта на гэтым варта аб'ядноўвацца".
На думку лідара ПБНФ, дамовіцца будзе складана акурат праз тое, што паміж апазіцыйнымі сіламі ёсць разыходжанні па іншых пытаннях. Але аб'яднанне дзеля кантролю за выбарамі, заяўляе Янукевіч, у інтарэсах усіх апазіцыйных суб'ектаў.