Партыя БНФ паспрабуе адбіць у ЦВК 50 долараў

120920_luka6uk_gro6y.mp3

Насуперак рэкамендацыям партыі, магілёўскі кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Віталь Макаранка грошы ў Цэнтравыбаркама на свае агітацыйныя ўлёткі ўзяў. Ажно 436 тысяч 800 рублёў. Цяпер акруговая камісія патрабуе іх вярнуць. Макаранка намякае на юрыдычную калізію — хто ўсё ж такі іх мусіць вяртаць?

Віталь Макаранка: “Згодна з Выбарчым кодэксам, адказнасць нясе орган, які вылучаў кандыдатаў у дэпутаты. Вылучаў нас з’езд. А з’езд не з’яўляецца юрыдычнай асобай — у яго няма рахункаў, у яго няма маёмасці. Таму якім чынам з’езд партыі можа кампенсаваць гэтыя грошы, пакуль што незразумела”.




Пэўная юрыдычная калізія тут сапраўды ёсць, прызнае сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Але вырашаецца яна проста.

Мікалай Лазавік: “З’езд партыі — гэта кіруючы орган партыі. І з’езд, выступіўшы ад імя партыі і адклікаўшы сваіх кандыдатаў, усклаў на партыю і фінансавыя абавязкі ў пытанні фінансавання выбарчай кампаніі. Калі выбарчая кампанія не даведзена да канца, значыцца партыя павінна кампенсаваць выдаткі”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў з аргументамі Лазавіка згодны. Але вяртаць ЦВК грошы партыя не спяшаецца.

Ігар Лялькоў: “Абгрунтаванасць гэтага спагнання выклікае вельмі вялікія сумненні. Мы лічым, што прычыны зняцця былі паважныя, гэтым мы з акруговай камісіяй не згодныя, і на гэтую тэму і будзем разбірацца”.

У Партыі БНФ яшчэ не вырашылі, напішуць яны скаргу ў ЦВК ці пададуць на акруговую камісію ў суд. Маўляў, прычыны зняцця Макаранкі паважныя: адсутнасць роўных умоваў агітацыі і адмова пераважнай большасці партыйных вылучэнцаў ва ўключэнні ва ўчастковыя камісіі. У самой камісіі цвёрда ўпэўненыя ў сваёй слушнасці.

Акруговая выбарчая акруга №85: “Мы лаяльна да ўсіх ставіліся! Да кожнага было ўсё аднолькавае. Прыходзілі па кансультацыю — калі ласка! Мы ім казалі, куды ісці агітаваць на заводы, куды патэлефанаваць у прафкамы — вам скажуць, калі там будуць сходы. Як у школах бацькоўскія сходы — ідзіце. Я сама настаўніца, і ў нас быў сход. Я думала: ну, прыйдуць у дэпутаты нашы кандыдаты. Нікога не было, уяўляеце! А цяпер тут нераўнапраўе ў яго нешта!”

Макаранка прызнаецца: ведаў, што грошы неабходна будзе вяртаць, але неяк агітаваць людзей мусіў. Дый палічыў, што 436 тысяч — не такая ўжо непад’ёмная сума, якую ён не зможа сплаціць сам. І гатовы гэта зрабіць. Тым больш што ў лісце з акруговай камісіі пазначаны канчатковы тэрмін — да 23 верасня. Лялькоў магілёўскаму актывісту спяшацца з аплатай забараняе. Спачатку, кажа, трэба параіцца з юрыстамі — ці можна адстаяць права не плаціць.

Паводле слоў Ігара Лялькова, Віталь Макаранка — не адзіны партыйны кандыдат, які браў грошы ў ЦВК на друк улётак. У партыі чакаюць, што следам за факсам з акруговай выбарчай камісіі №85 падобныя патрабаванні прыйдуць і з іншых рэгіёнаў. Што тычыцца 38 кандыдатаў ад АГП, якія таксама зняліся з выбараў, то, адзначае лідар партыі Анатоль Лябедзька, ніводны з іх у ЦВК не ўзяў ні капейкі.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі