ПАСЕ: Сітуацыя ў Беларусі пагоршылася, адносіны застаюцца замарожанымі

У сваім 12-старонкавым дакладзе дэпутат з Фінляндыі праналізавала змены ў Беларусі з часу прыняцця рэзалюцыі ПАСЕ 27 студзеня 2011 года.

«... Ніводнае з патрабаванняў ПАСЕ да беларускіх уладаў, выказанае ў рэзалюцыі, не выкананае. Са студзеня 2011 года сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася. Наадварот, паўсталі новая занепакоенасць наконт палітычна матываваных справаў, заяваў аб катаваннях у зняволенні, працэдурных парушэнняў падчас расследаванняў і судовых працэсаў...», — прыйшла да высновы Сініка Хурскайнэн.

Такім чынам, працягвае дакладчыца, прагрэсу ў адносінах ПАСЕ і Беларусі быць не можа і высокія кантакты з беларускімі ўладамі мусяць застацца замарожанымі. Разам з тым, ПАСЕ працягне супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю, незалежнымі СМІ і праваабаронцамі.

Нагадаем, сёння ў Страсбургу на слуханнях па Беларусі, арганізаваных Палітычным камітэтам ПАСЕ, прысутнічаюць праваабаронцы з Беларусі (Алена Танкачова і Аляксандр Бяляцкі) і Міжнароднай назіральніцкай місіі за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі (Андрэй Юраў і Майкл Гамільтан).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі