Пасля шасцігадовага перапынку B:N выпускае новы альбом

Трэці альбом бярозаўскай каманды атрымаў назву "Крок за крокам". Для альбома B:N  падрыхтавалі аж 17 песень, але ў пласцінку ўвойдзе каля 12-14. Новыя песні можна будзе пачуць ужо на сёлетнім "Басовішчы":

"На "Басовішчы" мы сыграем некалькі песень з гэтага дыску. Але ладзіць прэзентацыю альбома цалкам на "Басовішчы" не мае сэнсу, — лічыць лідар каманды Алесь Лютыч. — Таму што, па-першае, дыск яшчэ не выйшаў, а па-другое — на фестывалях трэба іграць ужо добра вядомыя песні і хіты!"

Якім атрымаўся новы альбом, музыкі палічылі за лепшае не распавядаць, а даць магчымасць слухачам і журналістам выказаць сваё меркаванне на гэты конт. Нагледзячы на тое, што "Крок за крокам" цалкам гатовы да выдання, з яго рэлізам і прэзентацыяй "бээнаўцы" вырашылі пачакаць да восені. Маўляў, лета — "мёртвы" сезон для выдання пласцінкі. Чакаецца, што прэзентацыя альбома адбудзецца на пачатку кастрычніка ў Мінску. Нагадаем, што мінулы альбом B:N  "Жыве Rock’n’Roll" пабачыў свет у 2006 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі