Пасля суда Івашкевіч вырашыў памаўчаць пра санкцыі
Супрацоўнікі Мазырскага НПЗ упэўненыя, што заклікі палітыка могуць зменшыць іх заробкі… напалову.
“-- А мяне бацька вучыў супраць жулікаў усякіх выступаць! -- А мяне супраць жулікаў і злодзеяў! -- Я рада, што мы з вамі супраць жулікаў разам”, -- тлумачыць Марына Цыбліенка Віктару Івашкевічу прычыны свайго іску з суд проста ў калідоры і адразу збягае разам з мужам, які цягне жонку падалей ад апанента.
Марына выйграла суд супраць апазіцыянера, які пасмеў заклікаць Еўрасаюз да ўвядзення эканамічных санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў. Аднак спадарыня Цыбліенка прызналася Еўрарадыё, што вялікага задавальнення не атрымала.
“Ведаеце, пачуцці вельмі супярэчлівыя. Столькі нерватропкі было за ўвесь гэты час. І калі Віктар Антонавіч думае, што гэта толькі жарт, магчыма, для яго гэта пусты жарт, як ён сказаў. А для нас гэта вельмі важнае і сумленнае пытанне”.
Работніца Мазырскага НПЗ атрымае ад Віктара Івашкевіча ўсю суму, якую патрабавала – 500 тысяч рублёў. Апазіцыянер яшчэ выплаціць дзяржаве 300 тысяч судовай пошліны. Грошы Івашкевіча Цыбліенка абяцае аддаць на дабрачыннасць.
Прысуд Марына Цыбліенка і іншыя супрацоўнікі Мазырскага НПЗ, якіх прыехала на працэс каля дзясятка, сустрэла апладысментамі. І амаль адразу пасля гэтага ў атачэнні “групы падтрымкі” з’ехала на зялёным мікрааўтобусе ў родны горад.
Еўрарадыё тым часам даведалася, чаму супрацоўнікі Мазырскага НПЗ маюць столькі прэтэнзій да Віктара Івашкевіча. Дзвюх супрацоўніц прадпрыемства суддзя выгнала з паседжання за тое, што яны накінуліся на Івашкевіча з крытыкай проста на працэсе. Жанчыны прыехалі ў Мінск падтрымаць калегу, ўзяўшы дзень адпачынку за свой кошт. Адна з іх, Алена, кажа, што санкцыі ЕС знізяць яе заробак напалову, хоць і прызнае, што лічба ўзятая з неба.
“Ведаеце, гэта вельмі цяжка ацаніць, у прынцыпе. Таму вось асабіста я згублю 50% заработнай платы. І сацыяльная праграма на прадпрыемстве – выплаты квартальныя. Вось мне няшмат засталося да пенсіі. А у нас кожны пенсіянер атрымлівае квартальную матэрыяльную выплату. Таму каб рэальна ацаніць – трэба быць эканамістам і сесці, каб рэальна падлічыць”.
Заробкі, дарэчы, немалыя. Прафсаюзныя актывісты прызналіся, што сярэдні па прадпрыемстве – 6 мільёнаў рублёў. Аб гэтым сведчыць і iPhone у руках маладой калегі Цыбліенкі. Падчас абвяшчэння прысуду дзяўчына нешта пільна вычытвала ў інтэрнэце.
Віктара Івашкевіч на суд з’явіўся адзін, без калег па закліках да санкцый. Нават праваабаронцаў не паклікаў. Ён гаворыць, што грошы Цыбліенцы аддаць гатовы асабіста, без пасярэдніцтва дзяржавы. А таксама заяўляе, што ад сваіх пазіцый не адмовіцца. Праўда, гаварыць пра санкцыі больш не будзе.
“Я выказваў сваю пазіцыю. І зараз мне ўжо не трэба паўтараць адзін і той жа тэкст. Дастаткова заявіць, што мая пазіцыя застаецца нязменнай”.
Відавочна, што штраф у 500 тысяч і пошліна ў 300 для апазіцыянера – бяда невялікая. Куды складаней будзе выканаць яшчэ адно пажаданне суда – апублікаваць на сайце “Хартыі” зварот, у якім бы ён адмаўляўся ад санкцый. Івашкевіч прызнаецца, што проста не ведае, якім чынам гэта можна зрабіць.
“Ведаеце, гэта вельмі цяжка ацаніць, у прынцыпе. Таму вось асабіста я згублю 50% заработнай платы. І сацыяльная праграма на прадпрыемстве – выплаты квартальныя. Вось мне няшмат засталося да пенсіі. А у нас кожны пенсіянер атрымлівае квартальную матэрыяльную выплату. Таму каб рэальна ацаніць – трэба быць эканамістам і сесці, каб рэальна падлічыць”.