Паўла Шарамета звольнілі з украінскага тэлеканала
Ён стаў адной з першых ахвяр канфлікту вакол кіраўніцтва тэлеканала ТВі. Шарамет вёў там праграму “Проти ночі”.
Пра сваё звальненне вядомы беларуска-расійскі журналіст сам напісаў у Twitter.
Новае кіраўніцтва канала заявіла, што болей не мае патрэбы ў паслугах Шарамета “ў сувязі з вытворчымі абставінамі”. Запланаваны на сёння выхад яго перадачы скасоўваецца.
Павел напісаў на афіцыйным лісце сваю рэакцыю: “Катэгарычна не згодны з гэтым рашэннем, лічу гэта валюнтарызмам і цэнзурай. Ганьба захопнікам канала”.
Канфлікт новых інвестараў і новага кіраўніцтва канала ТВі з папярэднікамі доўжыцца некалькі дзён. Большасць журналістаў учора абвясцілі страйк. Гучаць заявы пра рэйдарскі захоп тэлеканала. Ва Украіне пабойваюцца, што нечаканая змена інвестара і кіраўніцтва ставіць пад пагрозу існаванне гэтага канала як незалежнага ад уладаў, паведамляе Радыё Свабода.