Пераход на зімовы час могуць адмяніць з-за Мытнага саюза?

Пытанне адмены пераходу на зімовы час актыўна гучыць зараз з экранаў дзяржаўнага тэлебачання. Камісія з зацікаўленых міністэрстваў рыхтуе матэрыялы, якія разгледзяць ужо ў чэрвені. Чым абумоўлена патрэба ў адмене пераходу на зімовы час, Еўрарадыё запытала ў начальніка аддзела радыёэлектронных вымярэнняў Беларускага інстытута метралогіі Аляксандра Галыгі.

"Калі раней уводзілі пераход з матывацыяй "эканомія электраэнергіі", то зараз гэты фактар практычна адсутнічае: нязначная эканомія энергіі. Раніцай усім не хочацца ўставаць на гадзіну раней. Пакуль перастроіцца арганізм. Трэба абраць адзін час, які зручны для ўсіх, і перайсці на яго. У Савецкім Саюзе мы ж не пераводзілі гадзіннікі і жылі нармальна".

Калі перавод на зімовы час адменяць, то атрымаецца, што з лістапада па красавік у нас з'явіцца розніца ў гадзіну з Украінай, Літвой і Латвіяй і ў 2 гадзіны — з Польшчай. Самую важную ролю тут адыгрываюць грузавыя і пасажырскія перавозкі, тлумачыць Аляксандр Галыга.

"Мы ўзаемадзейнічаем з усімі суседнімі краінамі: Расія, Літва, Украіна і гэтак далей. Таму разглядаюцца ўсе пытанні, якія звязаныя і з транспартам, і з узаемадзеяннем. Тут можна разглядаць пытанне перавозак, якія здзяйсняюцца ў Расію, Украіну, Еўропу — наколькі гэта будзе зручней, які аб'ём перавозак. Выбіраецца найбольш аптымальны варыянт".

Атрымоўваецца, што зараз вывучаецца, з кім у нас больш завязаныя адносіны, а пасля з'яўлення Мытнага саюза адказ на гэтае пытанне становіцца больш відавочным. Тэма адмены пераходу на зімовы час уздымалася і раней, але менавіта цяпер, калі Расія заявіла пра намер адмяніць перавод стрэлак на гадзіну назад, яна чамусьці гучыць больш упэўнена.

"Тут яшчэ падштурхнула рашэнне Расіі. І змены, якія адбываюцца. Мы ўвайшлі ў Мытны саюз. У Мытным саюзе Казахстан даўно не пераводзіць час. Можа, Расія адмовіцца, праўда, пакуль няма афіцыйнага рашэння, але прэзідэнт сказаў, што будуць адмяняць".

Да праблемы розніцы ў часе з Украінай і Літвой, якой раней не было, людзі змогуць прызвычаіцца, гаворыць Аляксандр Галыга. З Польшчай ужо зараз ёсць розніца ў гадзіну, і людзі да гэтага гатовыя. Цяпер, праўда, зімой давядзецца пераводзіць час на 2 гадзіны пасля ўезду ў Польшчу.

У Еўрасаюзе таксама ўздымалі пытанне адмены пераходу на зімовы і летні час, але там пытанне засталося не вырашаным.

"Пытанне па летнім і зімнім часе ў Еўропе ўздымалася не аднаразова. Але там гэтае пытанне не было вырашанае", — адзначае Галыга.

Самы першы раз пераводзіць гадзіннікі пачалі ў 1917 годзе, у 1930 ад гэтага адмовіліся. У 1981 у СССР зноў увялі летні і зімовы час. Нашая краіна ў 1992 годзе перайшла на свой гадзіннікавы пояс, і тады ў нас з'явілася розніца з Масквой. Тады гэтае рашэнне называлі больш палітычным. Ці адменяць цяпер перавод часу таксама па палітычна-эканамічных матывах?

Фота: open.az

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі