Першую белмоўную гульню для Android мінскі студэнт стварыў на парах (фота)
А каб акупіць толькі яе размяшчэнне ў інтэрнэце, трэба 250 запамповак.
Гульня PaperHell выйшла ў мінскай арт-студыі PRAS, якая, дарэчы, распрацоўвала і мабільны дадатак Еўрарадыё.
Намаляваў і спраграмаваў гульню супрацоўнік студыі PRAS, мінскі студэнт Аляксей Фёдараў.
Аляксей Фёдараў: “Сюжэт гульні даволі просты. Вам трэба кіраваць чалавечкам, бегаць ім з боку ў бок — і спрабаваць не быць забітым чырвонымі астэроідамі. Паралельна трэба збіраць ачкі і розныя бонусы — дадатковыя жыцці, шчыт ці падваенне ачкоў”.
Стваральнік гульні Аляксей Фёдараў прызнаецца, што і цяпер часта ў яе гуляе!
Цікава, што да стварэння гульні Аляксея падштурхнула… заданне ва ўніверсітэце!
Аляксей Фёдараў: “Першапачаткова гэта быў звычайны навучальны праект па адным з прадметаў ва ўніверы. Аднак мы паглядзелі, што гульня даволі ўдалая. Вырашылі яе дапрацаваць — і з цягам часу яна стала самастойным прадуктам, які можна выкладаць і прадаць”.
Распрацоўшчык прызнаецца, што нават калі гульня выйшла па-за межы ўніверсітэцкага задання, ён працягваў займацца ёю проста на парах.
Аляксей Фёдараў: “Многа працы па гэтай гульні было праведзена проста на парах. Маляваўся матэрыял для яе, прыдумваўся і праграмаваўся код. І нават прома-відэа, якое вы бачыце на старонцы запампоўкі, было знятае і адрэдагаванае на пары!”
Тое самае відэа
На першы погляд гульня можа падацца простай і нават прымітыўнай: бегай ды збірай бонусы, уцякаючы ад астэроідаў. Але Аляксей прыводзіць у прыклад іншыя “элементарныя” гульні, якія зазналі шалёную сусветную папулярнасць.
Аляксей Фёдараў: “Ідэя гульні была ўзятая з самых простых ранейшых гульняў — “Тэтрыс”, “Змейкі” ды іншых. То бок гульні на выжыванне. Яны простыя для стварэння і даволі прывабныя для гульцоў”.
Скрыншоты гульні
Стварыць гульню, як высветлілася, — не самае складанае. А вось дайсці да спажыўца беларускім распрацоўшчыкам не так проста, кажа дырэктар студыі PRAS Мікола Тамашэвіч.
Мікола Тамашэвіч: “Самая галоўная праблема для гэтай гульні, як і для любога дадатку ў Android Market і App-store — гэта тое, што ў Беларусі не прадаюцца ўвогуле афіцыйна гэтыя дадаткі. Гэта значыцца, што ніводзін беларускі распрацоўшчык не можа выкласці праграму для запампоўвання за грошы. Ён мае права зрабіць гэта толькі на бясплатнай аснове”.
Дырэктар арт-студыі PRAS Мікола Тамашэвіч
Мікола тлумачыць гэта тым, што Google (уладальнік Android Market) і Apple не дамовіліся з нашымі ўладамі. А айчынным распрацоўшчыкам нічога больш не застаецца, як прабівацца да спажыўца праз Польшчу ці Расію. Хлопцы выбралі Польшчу, бо там “меншыя падаткі”. Каб гульня з’явілася ў інтэрнэце, у абедзвюх крамах трэба адкрыць свой канал. А гэта нятанна.
Мікола Тамашэвіч: “Асноўная стаўка ў Apple — гэта 99 долараў за год, а ў Android 25 долараў. Такім чынам, мы аддалі 124 долары”.
Варта сказаць, што, адкрыўшы канал, цягам года туды можна запампоўваць колькі заўгодна дадаткаў. Кошт гульні для спажыўца складае 1,02 долара. Але пасля сплаты падаткаў да стваральнікаў даходзіць толькі 0,5 долара за адну спампоўку. Выходзіць, што, каб акупіць хаця б 124 долары на адкрыццё канала, трэба 250 спамповак гульні! І гэта без ганарару стваральнікам.
Ці вераць хлопцы, што беларусы будуць плаціць за тое, што прызвычаіліся атрымліваць за так?..
Мікола Тамашэвіч: “Менавіта праз гэта мы зрабілі англамоўную і рускамоўную версіі — каб набывалі ў Расіі, Еўропе ці Амерыцы. І ўжо ў Расіі, хоць мы ніяк не анансавалі праграму, адзін чалавек ужо запампаваў нашую гульню — і паставіў 5 балаў”.
Якая галоўная прычына ствараць беларускамоўную гульню для Android, калі хапае англамоўных і рускамоўных? Арт-дырэктар студыі PRAS Аляксей Кульбіцкі тлумачыць гэта на прыкладзе літаратуры.
Аляксей Кульбіцкі: “Тут сітуацыя такая ж, як з замежнай літаратурай. Калі яе пераклалі на рускую мову — гэта не значыцца, што яе не трэба перакладаць на беларускую і чытаць Альбера Камю ці Рэмарка па-беларуску. Таму мы і вырашылі зрабіць гэтую гульню па-беларуску. І на сёння гэта адзіная беларускамоўная гульня на платформе Android у Беларусі. А паколькі ў іншых краінах па-беларуску гульні не робяць, то можна смела сцвярджаць, што гэта адзіная беларускамоўная гульня для Android у свеце!”
Аляксей Кульбіцкі
Аляксей перакананы, што беларусы павінны ўсё мець сваё — не зважаючы на тое, што гэта можна ўзяць у суседзяў.
Аляксей Кульбіцкі: “Студыя PRAS імкнецца ў сваёй дзейнасці пашыраць беларушчыну ў дызайне і наогул сярод таго, што вакол нас. То бок, калі нехта з нашых суседзяў — Расія там ці Польшча — маюць некаторыя рэчы (гульні, дадаткі…) — гэта не значыцца, што мы не павінны рабіць тое самае, але з беларускім ухілам альбо на беларускай мове”.
Аляксей мяркуе, што рана ці позна і нам трэба будзе прызвычаіцца да таго, што за любы прадукт трэба плаціць — і за гульню для Android у тым ліку. А ўжо сёння спажыўцамі PaperHell у Беларусі ён бачыць прасунутых студэнтаў.
Аляксей Кульбіцкі: “Я бачу спажыўцом гэтай гульні студэнцтва. Адзін долар — гэта 8500 рублёў. Як праезд у маршрутцы ці той жа гамбургер. І гульня зроблена ў стылі, блізкім студэнцтву — як маляванкі на парах ці запісачкі адно аднаму. І ўсё ж такі гульнявая сфера ідзе да таго, што ў хуткім часе давядзецца ў любой краіне плаціць за тое, што хочаш парадвацца”.
Старонка гульні PaperHell у Android Market: PaperHell