Першы трэнер Бокія: У Бабруйску няма басейна, каб трэніраваць дзяцей
Пасля трыўмфу бабруйчаніна на Паралімпіядзе да яго першага трэнера масава просяцца дзеці. Але выяўляць здольнасці будучых чэмпіёнаў няма дзе. (ФОТА)
Герой лонданскіх Гульняў Ігар Бокій (пяць залатых медалёў і адно срэбра) пачынаў займацца плаваннем у бабруйскім “жабніку” (неглыбокім басейне для дзяцей).
“У нас зараз стаіць прыгожы сабор у цэнтры горада. У савецкія часы храм быў перароблены ў басейн, — паглыбляецца ў гісторыю Наталля Пазднякова, першы трэнер Ігара Бокія. — Там быў трохдарожачны басейн і "жабнік" для пачатковага навучання дзяцей. Гэта правільна, што сабор вярнулі. Але абяцалі, што новы “жабнік” для дзяцей будзе збудаваны. Гэтага не зрабілі, і дзяцей сёння праглядаць і вучыць няма дзе”.
Зараз басейн для дзяцей месціцца ў Бабруйску па вуліцы Астроўскага. Праўда, называць гэтую ўстанову спартыўным аб’ектам некарэктна: хутчэй выглядае ён як забаўляльная купель у лазневым комплексе.
Нагадаем, што пасля сенсацыйнага выступу на Паралімпіядзе Ігар Бокій вырашыў перайсці ў плаванне сярод здаровых, прабіцца на Гульні 2016-га года. Але пакуль трэніравацца на поўную моц спартсмен не можа. З Мінска ён нечакана перабраўся назад у Бабруйск, і займаецца ў басейне санаторна-курортнага комплексу “Шыннік”, які не адпавядае сучасным патрабаванням.
Аказалася, Бокію ў Мінску не выдалі кватэру. Увага! Жыллё абяцалі не падарыць, а ўсяго толькі даць у часовае карыстанне да наступнай Алімпіяды. Той-сёй чыста па-беларуску папракне, што за паралімпійскія медалі Ігар атрымаў немалы ганарар. Але як скарыстацца грашыма — асабістая справа плыўца. А вось належныя ўмовы для трэніровак такім топавым спартсменам, па ідэі, павінны арганізоўваць.
“Кажуць, праблемы нейкія, і пакуль не могуць даць службовую кватэру, хоць абяцалі даўно, — тлумачыць Ігар, чаму вярнуўся ў Бабруйск. — Таму мне мой трэнер з Мінска перасылае праграму, а мой першы трэнер, Наталля Юр’еўна, сочыць за яе выкананнем”.
Цікавімся ў Наталлі Паздняковай, ці магчыма падтрымліваць належную форму і расці ў бабруйскім басейне.
Наталля Пазднякова: “Тут няма сучасных стартавых тумбачак. Няма належнага ўзроўню вады. То бок адпрацаваць старты і іншыя элементы — немагчыма. Тут правісаюць дарожкі. Так разумею, што з-за канструктыўных недахопаў цалкам наліць у басейн вады, каб ляжалі дарожкі, як належыць, немагчыма. Няма спецыяльных водных трэнажораў, якія неабходна спартсменам найвышэйшага класу, і г.д.”
Праца ў бабруйскім басейне комплекса “Шыннік” кіпіць штодня. Каманда трэнераў, як відаць, можа падрыхтаваць новых зорак у сваім відзе спорту. Але, як мы ўпэўніліся, не пры такіх умовах, якія сёння створаны для плавання ў Бабруйску.
“Басейн нам вельмі патрэбны”, — так сканчае гутарку трэнер Наталля Пазднякова.
Бабруйская праваслаўная катэдра, якую некалі камуністы пераўтварылі ў басейн
Так у савецкія час выглядаў басейн. Бокій рабіў першыя спартыўныя крокі ў "жабніку", які відаць на фота злева
Храм вярнуўся на сваё месца
Ігар Бокій у Бабруйску
Басейн санаторна-курортнага комплексу "Шыннік"
Фота supersport.com, аўтара, globus.tut.by