Пётр Мамонаў адыграў у Мінску "сексуальны канцэрт" (Фота, відэа)

120620 Malina Mamonov.mp3

Велічэзная чарга на ўваходзе ў клуб Re:Public даволі рэдкая з'ява, але заўсёды прыемная. Нават не шкада часу пастаяць у ёй і паслухаць размовы ў прадчуванні выдатнага канцэрта.
 

"Цікава, а ён адзін, ці з гуртом? - пачынаецца дыялог побач, - Хутчэй за ўсё, адзін. - М... шкада! Відаць, не вельмі будзе..." На апошні выраз з усіх бакоў з'яўляюцца незадаволеныя позіркі, маўляў, ну вы даяце, нічога вы не разумееце ў яго творчасці.

Жонка Мамонава ездзіць з ім на ўсе канцэрты. Як жартуе сам музыка: "Я ў ролі папа, а яна мой дыякан". Яна прадавала дыскі ды кнігі ля сцэны... як жа складана было лічыць нашыя дзясяткі тысяч!

 

19 чэрвеня Мінск з праграмай "Пётр Николаевич из 3 подъезда" наведаў знакаміты музыка ды акцёр Пётр Мамонаў. За дзень да канцэрту ён правёў сустрэчу з беларускімі журналістамі, якую ператварыў у паўтарагадзінную рэлігійную лекцыю. Але вельмі ненапружліва, нават, цікава, можна сказаць, па-бацькоўску неяк, без аніякай "зорнасці".

"Я ў 45 год пачаў верыць у Бога, пачаў змагацца са сваімі жарсцямі, - выказваецца Пётр Мікалаевіч пра распаўсюджанае меркаванне, што яго роля ў фільме "Остров" - лепшая ў кар'еры. - Відаць, ён убачыў, што Пеценька спрабуе, і аддаў мне гэты фільм. Ён сабраў нас усіх разам, мы там сябравалі, жылі, стараліся, начамі размаўлялі, плакалі, маліліся, рознае было. Атрымалася такое кіно! Я ведаю, што 41% насельніцтва Расіі яго паглядзела, а гэта значыць, што людзям гэтага не хапае, бо чалавек духоўная істота".

І вось пасля такой супакойваючай размовы вельмі складана ўявіць Мамонава на сцэне, прычым, у тым вобразе, у якім яго памятаюць і любяць яшчэ з сярэдзіны 80-х.


"На канцэрце будзе – "oh, yeah"! - папярэдзіў за дзень да выступу музыка. - Будзе рок-музыка, рытмы, фанк, усе справы. "Шуба-дуба блюз", і старыя і новыя песні. Усё адрэпетаванае, ногі працуюць, галава працуе... Апранем шаўковыя халаты, запалім ліхтары...".

І сапраўды, нічога не змянілася! Пётр Мікалаевіч дагэтуль вельмі лёгка слізгае месяцовай хадой па сцэне, скача з гітарай вакол мікрафона, крыўляецца і, натуральна, накрывае залу сваёй пазітыўнай энергетыкай. Праўда, не ўсе прысутныя засталіся да канца канцэрта.

"Пасля шостай песні мне падалося, што ўсё зразумела, - кажа маладая спявачка Паліна Рэспубліка, якая прыйшла на канцэрт выпадкова, па запрашэнні, але дагэтуль Мамонава ведала выключна як акцёра. - Я не магу сказаць, што мне не спадабалася. Учора вельмі шмат пра гэта думала, не магла зразумець, ці я проста нічога не бачу ў гэтым, ці я нічога не разумею. Але так я і не прыйшла да нейкага ўнутранага кансенсусу. Адзінае, пра што я пашкадавала, дык пра тое, што не атрымалася набыць зборнічак яго паэзіі, мне б было вельмі цікава пачытаць".

Шматлікія прадстаўнікі беларускай рок тусоўкі, якія наведалі канцэрт Мамонава, на дзіва, не тусаваліся разам. Яны распаўзліся па памяшканні клуба, заняўшы найбольш выгадныя пазіцыі, і папіваючы піва, колу, а то і проста з пустымі рукамі, пільна сачылі за кожным рухам масквіча.

Арганізатар мінскіх канцэртаў Павел Кашырын, праходзячы побач, прашаптаў: "Гэта вельмі сексуальны канцэрт! Лепшай характарыстыкі, напэўна, даць немагчыма!"

"Мы робім новую праграму, - раптоўна пачаў размаўляць з публікай Пётр Мамонаў пасля гадзіны знаходжання на сцэне. - Магу некалькі песень з яе прадставіць, яны зусім новыя, іх яшчэ ніхто не чуў. А ўся праграма будзе называцца "Дядя Пётр и зайцы". Усе песні пра тое, што было насамрэч, яны такія... як звычайна... лірычныя... пра любоў".

Лідар "Звуков Му" выканаў чатыры песні з новай праграмы. Перад выкананнем апошняй Пётр Мікалаевіч прызнаўся, што яна ўвогуле "сырая", амаль не рэпетаваная. Але так яму падабаецца атмасфера ў клубе, што ён сам жадае яе сыграць, хоць гэта і не вельмі правільна.

Натуральна, Re:Public вісчаў, рэагаваў на кожнае слова тэксту, а пасля сыходу музыкі яшчэ доўга спрабаваў выклікаць яго на ўжо трэці біс. Мамонаў з'явіўся праз хвілін 15, але ўжо каб толькі раздаць аўтографы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі