“Петля Пристрастия” пасадзіла Элегантны Народ у алкагалічную клетку
І зрабіла гэта падчас сольнага канцэрту напярэдадні Калядаў і Новага Года.
Для вакаліста Іллі Чарапко-Самахвалава канцэрт быў адметным: “Гэта канцэрт, які адбыўся ў дзень, калі я выпіў апошнія парашкі” – падзяліўся з Еўрарадыё Ілля. Нагадаем, гэтыя парашкі лідар гурта мусіў піць пасля чэрэпна-мазгавой траўмы, якую атрымаў паўтара месяца таму на канцэрце “Рок па Вакацыях”.
Яшчэ адзін адметны бок канцэрту – у новых песнях. Іх прагучала чатыры, з якіх свежых-свежых – дзве.
Ці пачулі слухачы новыя песні? Адказвае група мокрых ад скокаў маладзёнаў:
– Ну, новыя песні аб’яўляліся ў мікрафон! Адна называлася Краты ці Клетка...
– Але яны вельмі харошыя, чакаем новага альбома!
– Пра што новыя песні? На канцэрце вельмі складана пачуць словы, таму шчыра, я зусім не зразумеў, пра што.
А новыя песні – пра жыццё чалавека, які не можа бачыць свет без прызмы алкаголю. Нават назвы іх кажуць самі за сябе: “Я і Алкаголь”, “Элегантны народ”, “Драпіна”, “Клетка”.
Дзве з гэтых песень гурт ганяў ужо разоў 10 на мінулых канцэртах, а вось “Драпіну” – выканаў упершыню і нават у акустыцы.
Ілля: “Нягледзячы на тое, што ў песні нагрувашчанне розных слоў, я хацеў зрабіць яе максімальна яснай. Песня пра тое, ёсць жыццё пасля смерці, ці не”.
“Элегантны Народ” таксама гучала ў першы раз:
Ілля: “Гэта пра той народ, пра які нам заўсёды расказваюць па целіку – пра цудоўны, талерантны, усё разумеючы, прыгожа апранаючыся, і з вуснаў яго ляцяць ружы. А насамрэч, з вуснаў яго ляцяць ЖАБЫ! Вось пра гэтыя несуадносіны і песня”.
Дарэчы, за подобныя тэксты ў Беларусі гурты звычайна заносяць у “чорныя спісы”, але пра “Петлю Пристрастия” нават не думаецца ў гэтым накірунку. Чаму – патлумачыў Ілля:
“Ну, ёсць жа элемент шыфра. Мне не падабаецца пісаць песні ў лоб. Мне не цікава, каб нехта мог развярнуць лозунг, і на ім была б цытата з маёй песні”.
Так і адбылося: асноўная публіка – тынэйджэры – проста падпявалі песні, проста скакалі ў энергічным слэме і стэйдждайвінгу, нават нягледзячы на тое, што іх было не так шмат, чалавек 300. А пасля проста пайшлі па дамах, чакаць святы.
Усім, хто не прысутнічаў на канцэрце, Ілля перадаў святочнае пажаданне: “Да сустрэчы 21 снежня 2012 года! Там разбяруць, хто какашка, а хто піражок. З новым годам, дарагія!”.
Больш фота з канцэрту ў нашым Фэйсбуку.