Плёначную таніроўку ў Беларусі пакуль дазваляць не плануецца
Па словах супрацоўнікаў ДАІ, у нашай краіне пакуль няма ніводнай арганізацыі, здольнай праводзіць выпрабаванні плёнкі.
4 студзеня ў Правілах дарожнага руху набудуць моц новыя папраўкі. Работнікі ДАІ стануць называцца супрацоўнікамі, квадрацыклы — аўтамабілямі, а кіроўцы змогуць спыняцца і разгружаць машыну на тратуары каля крамы. Пра гэтыя ды іншыя змены ў ПДР распавёў падчас прэс-канферэнцыі старшы інспектар УДАІ Аляксандр Занімон.
Аляксандр Занімон, Ганна Банадык |
Цяпер пры няправільнай паркоўцы грузавікам змогуць блакаваць колы. Блакавацца будзе пярэдняе кола з боку дзверцы, а на лабавое шкло будуць вешаць паведамленне, каб кіроўца заўважыў.
“Блакіроўка можа прымяняцца супрацоўнікамі ДАІ ў адносінах да грузавых аўтамабіляў масай звыш за 3,5 тоны, аўтобусаў, калёсных трактароў і самаходных машынаў. На жаль, вельмі часта дальнабойшчыкі пакідаюць машыны каля дома, паркуюць іх з парушэннем правілаў стаянкі, паблізу ад пераходаў. Гэта выклікае цяжкасці ў пешахода і ў кіроўцы, які не можа ацаніць абстаноўку, калі набліжаецца да пераходу”, — распавёў Аляксандр Занімон.
Разблакаваць свае колы кіроўцы змогуць, заплаціўшы штраф за парушэнне правілаў стаянкі.
Квадрацыклы цяпер прыраўнуюць да аўтамабіляў, а мотаўсюдыходы застануцца па-за дарожным рухам, працягвае Аляксандр Занімон.
“Да квадрацыклаў трэба адносіць тыя транспартныя сродкі, якія маюць прывады аўтамабільнага тыпу — гэта рулявое кіраванне ў выглядзе “баранкі”. Што тычыцца мотаўсюдыходаў, яны не трапляюць пад гэтую катэгорыю, яны не прызначаныя для дарожнага руху”.
Пры гэтым, каб быць аўтамабілем, усюдыход мусіць важыць не больш за 550 кілаграмаў, дадае інспектар.
Змены чакаюць і кіроўцаў скутараў. Цяпер яны змогуць вазіць пасажыраў, калі канструкцыя скутара гэта прадугледжвае.
Паводле новых зменаў, кіроўцы змогуць разгружаць аўтамабіль каля крамы на тратуары — пры ўмове, што прывезлі туды тавар. Адрозніваць такія выпадкі супрацоўнікі ДАІ будуць “на вока”. Маўляў, бачна, калі чалавек трымае ў руках накладныя, кажа Аляксандр Занімон
“У кожным выпадку бачна, калі чалавек прыехаў у краму і ў яго таварна-транспартная накладная. Ён разгружае тавар — зразумела, што ён для гэтага прыехаў”.
Дарэчы, раней рух па тратуары ў такіх выпадках быў дазволены, а вось разгрузка і прыпынак не былі прапісаныя ў ПДР.
Падчас увядзення новых паправак не разглядалася пытанне плёначнай таніроўкі на аўтамабілях. Нагадаем, напрыканцы мінулага года была дазволеная заводская таніроўка.
Сёлета каля 4 тысяч кіроўцаў падпісалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. Яны прасілі, каб улады дазволілі плёначную таніроўку задняй паўсферы аўтамабіля. Старшы інспектар Занімон наракае на тое, што ў Беларусі плёнку для таніроўкі няма каму тэсціраваць.
“Ёсць пэўныя еўрапейскія патрабаванні да шкла. Паводле іх вытворцы гэтага шкла праводзяць выпрабаванні. Хто праводзіць выпрабаванні плёнкі? Мяркую, ніводная арганізацыя ў Беларусі не здольная гэта здзейсніць на сённяшні момант”.