ПРААН адказвае Курэйчыку: ніякай вайны няма

120627 Malina Nebo_0.mp3

"Ідзе вайна, і гэтая вайна нікому не патрэбная, - пачынае свой зварот Курэйчык. - Мне падаецца, з-за яе мы ўжо сталі пасмешышчам для ўсёй краіны. А тыя мэты, якія ставіліся перад "Вышэй за неба", моцна абясцэніліся. Гэта абсурд, калі два фільмы, створаныя па адным і тым жа сцэнарыі, аднымі і тымі ж людзьмі, з аднымі акцёрамі, сцэнамі, кадрамі, змагаюцца паміж сабой".

Сцэнарыст спасылаецца на міжнароднае прызнанне фільма "Вышэй за неба” і прапануе узаемна прызнаць існаванне і серыяла і фільма.


Як даведалася Еўрарадыё, прадстаўнікі ПРААН рэагаваць на зварот Курэйчыка не збіраюцца. Маўляў, усё, што хацелася сказаць на гэтую тэму ўжо сказанае.

"Няма ў нас ніякай вайны з Курэйчыкам, - каментуе каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ПРААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч. - Мы задаволеныя сцэнарыем, які напісаў Андрэй. І паводле гэтага сцэнарыя, адпаведна з кантрактам і тымі ўмовамі, пад якія выдзяляліся грошы Глабальнага фонду. Таму, калі ён "сякеру вайны" адкопваў, няхай яе і закопвае".

Цяпер праца ідзе над другой серыяй "Вышэй за неба". Першую праглядзела тэставая група, былі ўнесеныя праўкі, але іх, на дзіва для саміх прадстаўнікоў ПРААН, было не шмат.

"Просім даць нам час, мы зараз закончым фільм і пакажам яго. Думаю, пасля гэтага ўсе пытанні проста самі сабой адыйдуць на другі план праз неактуальнасць, - распавядае куратар праекту Маша Маліноўская. - Але я баюся называць тэрміны. Думаю, месяцы два шчыльнай працы".

Нагадаем, сцэнарыст і адзін з рэжысёраў фільма Андрэй Курэйчык, а таксама рэжысёр Дзмітрый Марынін не знайшлі паразумення з замоўцам фільма — Праграмай развіцця ААН. І пасля гучнага скандалу ў інтэрнэце на youtube з'явілася паўнафарматная "аўтарская версія" фільма. За першыя 10 дзён стужку праглядзелі 70 тысяч чалавек. Але праз пэўны тэрмін відэа было выдаленае з сайта па скарзе Праграмы развіцця ААН, бо поўнаметражная версія парушыла маёмасныя правы ПРААН на відэаматэрыял. Тым не менш, яго па-ранейшаму можна паглядзець на іншых сайтах і спампаваць з торэнт-трэкераў.

Еўрарадыё працягне сачыць за працягам гэтага “серыяла са скандалам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі