Прадаўшчыца: "Пра "сацыяльнае" малако забудзьце!"

120224 Nasta Malako.mp3

Журналіст Еўрарадыё паспрабавала купіць таннае малако. Але, напэўна, па гэты прадукт давядзецца ехаць у Бабруйск.


“Купіце малако 1,5%… Першага малочнага завода. Тры з капейкамі каштуе”, — прапануюць ва ўжо “славутай” краме па вуліцы Убарэвіча.

Але мне патрэбнае таннае “сацыяльнае” малако! Па дзве тысячы.


Нечакана пра “сацыяльнае” малако мне раяць забыць…


Крама: "Пра гэтае малако забудзьце!"

Еўрарадыё: Чаму?

Крама: “Малаказаводы ўжо не даюць. А калі і даюць, то па 4600. Ну, таму што перабудоўваюцца малочныя заводы…”


Што ж… Як кажуць — давярай, але правярай. Яшчэ спадзяючыся купіць малако па дзве тысячы, еду ў іншую краму. У краме “Закрама”, што на Партызанскім праспекце, не разумеюць або робяць выгляд, што не разумеюць, пра што ідзе гаворка.


"Закрама": “У нас усё малако — сацыяльнае!”.

На паліцах жа ляжыць малако — усё даражэй за 4 тысячы.


Нават у фірмовай краме “Малочнага завода №1” таннага малака няма.


Фірмовая крама: “У нас таннага малака няма ўвогуле. Ой, даўно ўжо не было!”


У чым жа рэч? І дзе мне цяпер купіць “сацыяльнае” малако?


Таннае малако ў сталіцу вязуць з рэгіёнаў. Тэлефаную адразу на малочныя заводы. Але на малаказаводзе ў Паставах кажуць, што, калі забяспечыць танным малаком Мінск, то самі закрыюцца!


Малаказавод, Паставы: “Вы ж ведаеце, што прадукцыя стратная! Вы хочаце, каб мы памерлі?! Маё прозвішча не Камікадзэ. Мы сацыяльную прадукцыю вывозім толькі ў свой раён — сваіх людзей мы “кінуць” не можам… Ну, прабачце! У нас завод 200 чалавек, мы ваш 2-мільённы Мінск не накормім. Калі мы вам заўтра прывязем малако, то паслязаўтра закрыемся”.


Вытворчасць “сацыяльнага” малака сапраўды стратная. Закупачная цана большая за тую, па якой прадаецца ў краме!

“У нас рэнтабельнасць — мінус 60%!” — скардзіцца журналістам дырэктар завода “Клецкая крыначка”. Цяпер закупачная цана малака — каля трох тысяч рублёў за літр, і яна расце кожны месяц, а цэны на гатовую прадукцыю падымаць нельга.


Дарэчы, якасць таннага “сацыяльнага” малака нічым не адрозніваецца ад звычайнага, запэўніваюць на малаказаводзе.


Малаказавод: “Рэч не ў тым, з чаго складаецца. Рэч у забароне Міністэрства сельскай гаспадаркі на пад’ём цэн. Адпускная цана з завода ніжэй за закупачныя цэны, якія мы плацім калгасам за малако. Таму малако такое таннае”.


Еўрарадыё знайшло людзей, якія рэгулярна купляюць таннае "сацыяльнае" малако. Праўда, жывуць яны не ў Мінску.


Дзед Барыс з Вілейкі кажа, што “размятаюць” малако адразу. Паводле яго падлікаў, з літра эканомія 2 тысяч рублёў!


Дзед Барыс: “У магазінах чэргаў няма, таму што хутка разбіраюць. Калі рана прыйдзеш — можна ўзяць. Мы бярэм 4 літры адразу, на балконе яно добра захоўваецца… А так мігам расхопліваюць. Няма такога, каб малако стаяла, а людзей не было”.


Праўда, кажа — не б’юцца.


Дзед Барыс: “У нас не б'юцца. Учора, наадварот, баба пайшла, а ёй не засталося малака. Яна пайшла да касы і кажа: а мне малака не дасталася. Дык жанчына кажа: я вунь тры пачкі ўзяла, вазьміце адну ў мяне”.


Ужо амаль страціўшы надзею знайсці “сацыяльнае” малако ў Мінску ды зэканоміць 2 тысячы, заходжу на ўсялякі выпадак яшчэ ў адну краму…


Крама: “ Заўтра прывязуць. Але прывозяць не столькі, колькі мы замаўляем, — па скрыні ўсяго. Нашы мінскія перасталі — не даюць. У панядзелак абяцаў Рагачоў падкінуць пару скрыняў — кефіра і малака”.


Назву крамы да панядзелка пакіну ў сакрэце.

Фота: dengi.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі