Прадпрыемства, якое раскрытыкаваў Лукашэнка, атрымала прэмію ад выканкама
...“за дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці”.
У лютым мінулага года на нарадзе па праблемах малочнай галіны Аляксандр Лукашэнка ў жорсткай форме раскрытыкаваў французска-расійскую кампанію “Юнімілк”.
"Мяне гэта да глыбіні душы абурае. Вы забылі, што вы працуеце не ў Расіі, а ў Беларусі. І пытанні карупцыі, пытанні дзяльбы, ціску, усялякія там дамоўленасці – усё гэта недапушчальна", – перадавалі словы Аляксандра Лукашэнкі інфармагенцтвы. – Я ведаю ўсё, нават пра што вы думаеце: як вы дзялілі дывідэнды, колькі атрымлівалі вашы прадстаўнікі ў Беларусі і нават куды вы гэтыя грошы накіравалі".
Праз год пасля гэтых словаў філіял “Юнімілка” у Пружанах атрымоўвае другое месца ў раённым спаборніцтве і … прэмію.
“Прэмію уручыў райвыканкам. За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці прамысловасці. Па нашай вытворчасці, хаваць не буду, у два разы мы пераганяем аналагічныя беларускія прадпрыемствы”, – расказвае дырэктар “Юнімілк-Пружаны” Віктар Ільін.
За гэта прадпрыемства атрымала дыплом і грашовую ўзнагароду.
Віктар Ільін: “Узнагароджанне на мясцовым узроўні, даволі ўмоўна – каля 25-30 базавых велічыняў. Самае прыемнае ў гэтай прэміі – дыплом”.
У конкурсе на прэмію ўдзельнічалі 9 прадпрыемстваў, паведамляюць у пружанскім райвыканкаме. Першае месца ўзяў “Пружанскі завод радыёдэталей”. Прэмію ж давалі за тэмпы росту і… эканомію электраэнергіі.
“У якасці паказчыкаў: тэмпы росту аб’ёмаў таварнай прадукцыі, тэмпы росту экспартнай прадукцыі, стварэнне новых працоўных месцаў, выкананне мэтавых паказчыкаў па ашчаджэнні электраэнергіі і тэмпы росту выручкі”, – агучваюць прыкметы, па якіх улады Пружан абіралі пераможцаў.
І тое, што кіраўнік краіны летась раскрытыкаваў французска-расійскіх малочнікаў, пружанскія ўлады не засмуціла.
“Ну там жа былі выказванні не канкрэтна пра гэта прадпрыемства, а пра вышэйстаячую кампанію”, – падсумоўваюць у выканкаме.
Фота: belta.by