Прадпрымальнік зарабляе на ветраку 8 мільёнаў рублёў у месяц

121022_martynovi4_vetrak.mp3

Уладальнік базы адпачынку ў вёсцы Краснагорка, што на Браслаўшчыне, Ігар Цярэшчанка вырабляе энергію з дапамогай ветраной устаноўкі магутнасцю 130 кілават. Хапіла б на пяць такіх баз, прызнаецца Ігар, але энергію ён прадае дзяржаве і будзе ставіць ветракі яшчэ. Выгадна.

Ігар Цярэшчанка: “За адзін кілават дзяржава плаціць 1500 рублёў. Праўда, калі няма ветру, ён стаіць. За мінулы месяц з гэтага ветрака атрымаў каля 8 мільёнаў рублёў”.

Вятрак каштаваў больш за 54 тысячы еўра, бо набываўся праз пасярэднікаў. Хутка Ігар Цярэшчанка паставіць яшчэ дзве ўстаноўкі удвая большай магутнасці. Абедзве — па 40 тысяч еўра.

Ды ля Нарачы цяпер круцяцца два ветракі. Адзін на 250, другі на — 400 кілават магутнасці.

“Там поруч вёска Занарач, жыве 800 чалавек. Вось гэтай энергіі з двух ветракоў дастаткова, каб забяспечваць вёску”, — расказваюць у райвыканкаме Мядзельскага раёну.

Ветракі акупаюцца за восем гадоў. Цяпер каля Нарачы збіраюцца ставіць яшчэ адзін, магутнасцю ў 1 мегават.

А самы вялікі ветрапарк у Беларусі мог з’явіцца з дапамогай нямецкіх інвестараў пад Дзяржынскам. Па словах кансультанта кампаніі “Энертраг” Герда Хармса, у праект уклалі 300 тысяч еўра.

Герд Хармс: “У 2010 годзе заключылі дамову з губернатарам Мінскай вобласці. Дайшло да таго, што Акадэмія навук мусіла даць заключэнне па стане асяроддзя. Вывучылі нават паводзіны кажаноў”.

Але перашкодзіў… вайсковы радар. Чыноўнікі прапанавалі замежнікам перанесці ветрапарк. Бо ля радара будаваць нельга.

“Мы ўбачылі ваенную радарную ўстаноўку і адразу сказалі беларускім калегам, што ветракі і радары не моцна сябруюць”, — адказвае Герд Хармс.

У Мінаблвыканкаме адказваюць, што “ў немцаў не атрымалася на гэтай пляцоўцы”.

“Мы ім прапаноўвалі іншыя варыянты, але яны іх адхілілі”, — распавядаюць Еўрарадыё ў Мінаблвыканкаме.

І дадаюць, што іншых прапаноў па ветрапарках пакуль няма.

У Германіі да 2020 году плануюць закрыць усе АЭС і атрымліваць энергію за кошт узнаўляльных крыніц. А ў Беларусі ў 2018 хочуць дабудаваць першы энергаблок ад АЭС. Як падлічвае Еўрарадыё, каб замяніць такі энергаблок спатрэбіцца 600 ветракоў. У Беларусі іх пакуль не больш за паўтара дзясятка.

Фота: aif.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі